Светлагорскі эка-актывіст звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека

24 верасня светлагорскі эка-актывіст Андрэй Смалянчук звярнуўся з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. На міжнародным узроўні ён аспрэчвае рашэнні беларускіх судоў з адмовай у правядзенні ў 70-тысячным горадзе мітынгу пратэсту, звязанага з экалагічнай праблемай горада.

Андрэй Смалянчук. Фота: Белсат

Андрэй Смалянчук. Фота: Белсат

У мінулым годзе Андрэй разам з іншымі актывістамі горада заяўляў у раённым цэнтры пратэстную акцыю, аднак атрымаў адмову. Справа ў тым, што ў горадзе дзейнічае рашэнне, па якім мітынгаваць дазволена ў адзіным месцы — на стадыёне «Папернік». У іншых месцах забаронена. Тыя, хто не паслухаецца ўладаў рызыкуюць патрапіць пад санкцыі — буйны штраф або арышт да 15 сутак.
Фактычна ў горадзе на права кожнага аб свабодзе мірных сходаў і публічны выразе думкі накладзена табу, лічыць мужчына.
«Улада пасылае нас мітынгаваць на стадыён, а калі мы пагаджаемся, аказваецца для нас і там няма месца: у гэтыя дні там нібыта праводзяцца дзіцячыя мерапрыемствы. Іншымі словамі, улада цынічна хаваецца за дзяцей, забараняючы нам, дарослым, услых абмяркоўваць экалагічную праблему горада, звязаную з кітайскім заводам беленай цэлюлозы», — заяўляе Андрэй Смалянчук.
Праваабаронца Леанід Судаленка адзначае, хоць з пачатку года ў сілу ўступілі так званыя «касметычныя» папраўкі ў базавы закон аб масавых мерапрыемствах, якія дазваляюць у некаторых выпадках не прасіць дазвол на правядзенне мірных сходаў, тым не менш сітуацыя ўсё роўна цалкам знаходзіцца пад кантролем чыноўнікаў.
«Вядома, што ў нас забараняецца праводзіць некалькі мерапрыемстваў у адным і тым жа месцы. У Светлагорску такім месцам вызначаны стадыён, на якім нешта праходзіць — калі не трэніроўкі спартсменаў, так дзіцячыя святы, якія ўлада арганізоўвае, каб не даць сабрацца супернікам завода беленай цэлюлозы. Атрымліваецца замкнёнае кола: права ёсць, а рэалізаваць яго немагчыма», — падкрэслівае праваабаронца.
У скарзе ў КПЧ ААН Андрэй Смалянчук акрамя ўстанаўлення парушэнняў яго правоў на мірны сход і выказвання меркавання просіць абавязаць беларускі ўрад змяніць базавы закон і рашэнне мясцовых уладаў аб масавых мерапрыемствах такім чынам, каб кожны меў на практыцы магчымасць публічна выступаць у абарону грамадскіх інтарэсаў.
Нагадаем, раней з аналагічных забаронам ў Светлагорску мірных акцый пратэстаў у Камітэт ААН па правах чалавека звярнуліся праваабаронца Алена Маслюкова, эка-актывісты Таццяна Наскова і Анатоль Змітровіч.
Паводле gomelspring.org