Святлана Кузняцова прадставіць Беларусь на “Місіс Сусвет–2013″

З 4 па 12 жніўня на карыбскім востраве Аруба адбудзецца конкурс “Місіс Сусвет–2013″. Беларусь на конкурсе прадставіць Святлана Кузняцова



nzuxdkmla7e11_300x336.jpg

— Святлана, спіс вашых дасягненняў ўражвае! Раскажыце, з чаго ўсё пачыналася?

— Мой шлях да подыуму конкурсаў прыгажосці пачаўся з паступлення ў Нацыянальную школу прыгажосці ў 1998 годзе. У тым жа годзе я выйграла карону конкурсу «Міс Беларусь» і адправілася прадстаўляць краіну на міжнародных конкурсах. Пасля шэрагу даволі паспяховых выступаў я вырашыла атрымаць прафесійныя веды ў галіне прыгажосці і моды і атрымала другую спецыяльнасць — менеджмент і камунікацыя ў індустрыі моды. Аднак неўзабаве мае інтарэсы кардынальна змяніліся. Я выйшла замуж, пераехала жыць у Маскву і нарадзіла сына. Цяпер мне прыйшлося цалкам засяродзіцца на сваёй сям’і. Праўда, хатняй гаспадыні з мяне не атрымалася: мне надакучыла сядзець дома, і я пачала шукаць працу па сваёй першай адукацыі — педагагічнай. Так я стала працаваць настаўніцай матэматыкі, чым, дарэчы, займаюся дагэтуль!

— Ці не прыгнятае тытулаваную прыгажуню штодзённая руціна педагога?

— Ніколькі! Мне падабаецца працаваць з дзецьмі: усё, што ты ўкладаеш у іх, вяртаецца табе з рэштай — ты зараджаешся ад іх энергіяй, шчырасцю і непасрэднасцю. А наколькі паспяховая я ў сваёй прафесіі можа сказаць той факт, што ў 2010 годзе на конкурсе «Настаўнік года» я ўвайшла ў дзясятку лепшых педагогаў Масквы і атрымала ўрадавую ўзнагароду «За заслугі перад расійскай адукацыяй».

— Але ж поспехі ў новай прафесіі не перашкодзілі вам працягнуць выступы на конкурсах прыгажосці?

— Так, у мінулым годзе мне паступіла прапанова прадстаўляць Беларусь на конкурсе «Missis Beauty Millenium International». У мяне двайное грамадзянства — рускае і беларускае, а таму праблем з маім удзелам не ўзнікала. Насамрэч, перамога ў конкурсе не далася мне лёгка: рэпетыцыі праходзілі на іспанскай мове (а з замежных моваў я ведаю толькі англійскую), да таго ж большасць канкурсантак прыехалі з цэлымі камандамі стылістаў і візажыстаў. Хачу адзначыць, што ўдзельнічаць у конкурсе прыгажосці ў 20 гадоў і пасля 30 — дзве велізарныя розніцы. Пасля 30 у жанчыны іншы погляд, усмешка, паводзіны, адказы на пытанні… вопыту больш.

miss4.jpg

— Святлана, цяпер у Вас, здаецца, дастаткова вопыту для таго, каб годна прадставіць Беларусь на “Місіс Сусвет–2013»?

— Мяркую, што так! Ужо ў жніўні я адпраўлюся на востраў Аруба для ўдзелу ў гэтым конкурсе. Як вядома, конкурсы прыгажосці місіс вялікую ўвагу надаюць дабрачыннасці і абмеркаванню сусветных сацыяльных праблем. Таму для дабрачыннага форуму, які пройдзе ў рамках конкурсу “Місіс Сусвет», я падрыхтавала даклад, прысвечаны процідзеянню хатняму гвалту ў адносінах да жанчын у Беларусі.

— Чаму вы вырашылі агучыць менавіта гэтую праблему?

— На жаль, статыстыка паказвае, што для нашай краіны праблема хатняга гвалту асабліва надзённая. Безумоўна, у гэтай з’явы ёсць свае гістарычныя карані. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі загінула вялікая колькасць мужчынскага насельніцтва, сярод жанчын ўсталявалася своеасаблівая канкурэнцыя. Многія з іх цярпелі пабоі і прыніжэнні з думкай пра тое, што нягледзячы ні на што, яны ўсё ж такі замужам. Змянілася не адно пакаленне, але ўстаноўкі, якія трывала ўкараніліся ў свядомасці нашых суайчынніц, засталіся ранейшымі.

Я задаволеная, што дзяржава з кожным годам надае ўсё больш увагі гэтай праблеме. Адчыняюцца цэнтры, куды могуць звярнуцца пацярпелыя ад хатняга гвалту, прычым не толькі для таго, каб атрымаць прафесійныя кансультацыі спецыялістаў, але і здабыць часовы прытулак.

Хачу адзначыць, што тэму майго дакладу вырашылі падтрымаць і самыя моцныя мужчыны Беларусі. Так, спартыўны камітэт ЗАТ «БІТ-Банк» сумесна з Федэрацыяй сілавога экстрыму і безэкіпіровачнага паўэрліфтынгу запланавалі правядзенне ў 2013 годзе серыі турніраў асілкаў на прызы ЗАТ «БІТ-Банк». Мэтай дадзеных мерапрыемстваў з’яўляецца імкненне данесці да нашых грамадзян думку пра тое, што ў грамадстве, дзе людзі займаюцца спортам, выхаваны маральна і духоўна, няма месца гвалту ў сям’і.

Missis-Universe_12_13_silachi-1-620x337.jpg

— Святлана, спадзяемся, што тая высакародная місія, з якой вы адпраўляецеся на конкурс, дапаможа вам у заваёве тытула пераможцы!

— Дзякуй! А я паспрабую зрабіць усё, што ў маіх сілах!

Таццяна Куцко, tbw.by