Святар пайшоў ваяваць за Расію з блаславення Мітрапаліта Веніяміна?

Протадыякан Мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Максім Логвінаў пайшоў добраахвотнікам на фронт — ваяваць за Расію. Яго на гэта блаславіў Мітрапаліт Веніямін.

_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg


Пра гэта распавёў яго бацька святар Андрэй Логвінаў з Кастрамы — у размове з духоўнікам Свята-Елізавецінскага манастыра протаіерэем Андрэем Лемяшонкам.

Відэа размовы двух праваслаўных служак Бога было апублікаванае на канале манастыра сёння, піша «Хрысціянская візія» і прыводзіць урывак з размовы.

Протадыякан Максім Логвінаў, які запісаўся добраахвотнікам у расійскую армію, — далёка не юнак, яму 48 гадоў.

Па словах яго бацькі-святара, Логвінава-старэйшага, у кастрычніку 2022 года протадыякан Максім прыехаў у родную Кастраму, каб зрабіць сабе прапіску ў бацькоўскім доме. Пасля гэтага ён адразу пайшоў у ваенкамат і запісаўся добраахвотнікам для ўдзелу ў так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Таксама святар падзяліўся, што на гэты крок протадыякана блаславіў сам Мітрапаліт Мінскі Веніямін. Больш за тое, экзарх дазволіў протадыякану Максіму даваць святое прычасце расійскім вайскоўцам і надзяліў яго выключным правам прымаць споведзі — але паведамляючы імёны самому Мітрапаліту ў Мінск, каб той мог прачытаць "дазвольную малітву".

У дні Страснога тыдня і на свята Вялікадня протадыякан Максім будзе служыць у Петра-Паўлаўскім саборы — ён прыехаў у Мінск у адпачынак.

Протадыякан Максім Логвінаў — намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ён вядомы тым, што ўзначальваў ваенна-патрыятычнае брацтва, што дзейнічае пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы.

Выхаванцы яго брацтва выязджалі на трэніроўкі па стральбе ў ваенную частку 3214, якой кіраваў Дзмітрый Паўлічэнка — падазраваны ў арганізацыі «эскадронаў смерці» і з вялікай верагоднасцю датычны да знікнення палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі.

У 2015 годзе протадыякан Максім праводзіў злёт праваслаўнай моладзі на Лініі Сталіна.

Зрэшты, як пісаў «НЧ», Мітрапаліт Веніямін і раней не быў супраць удзелу святароў у вайне, адзінае, казаў, што калі святара мабілізуюць — дык трэба ісці «абараняць Айчыну». Але раіў пры гэтым не браць у рукі зброю, а толькі «натхняць і суцяшаць» байцоў.