Святлана Мацкевіч: Мы мусім дэсаветызаваць сістэму адукацыі

Да завяршэння тэрміну імплементацыі Дарожнай карты ў рамках Балонскага працэсу ў Беларусі застаецца паўтара года, але значнага прасоўвання ў гэтым пытанні эксперты не назіраюць.



Фота TUT.by

Фота TUT.by


На мінулым тыдні ў Берліне Цэнтр еўрапейскай трансфармацыісумесна з Фондам Бёля правялі шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных развіццю Балонскага працэсу ў нашай краіне. Эксперты Грамадскага Балонскага камітэту разам з еўрапейскімі калегамі спрабавалі распрацаваць механізмы прасоўвання Беларусі па імплементацыі Дарожнай карты ў рамках Балонскага працэсу.

Аб выніках перамоў Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” распытала эксперта Агенцтва гуманітарных тэхналогій, кандыдата педагагічных навук Святлану Мацкевіч.

“Ужо цяпер неабходна думаць пра тое, што будзе праз год–паўтара, калі тэрмін імплементацыі Дарожнай карты скончыцца, — лічыць суразмоўца. — Але ні ў каго няма такіх прагнозаў, акрамя таго, што Беларусь будзе працягваць імітаваць Балонскі працэс”.

Што рабіць у гэтай сітуацыі, для спецыялістаў усё яшчэ застаецца пытаннем. У любым выпадку, рашэнне будзе прымацца ў Еўропе, якая стане выкарыстоўваць фармальны падыход. У нашай краіны ёсць шэраг абавязацельстваў, і калі яна іх не выканае, а Еўропа гэта канстатуе, у Беларусі з’явяцца сур’ёзныя праблемы.

“Балонскі працэс — адзіны на міжнародным узроўні працэс, дзе назіраецца партнёрства паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, — зазначае Святлана Мацкевіч. — Цяпер беларускі кейс дэманструе супярэчлівасць нашай краіны з Еўропай на каштоўнасным узроўні, і як вырашыць гэты канфлікт — пытанне, бо незразумела, як весці дыялог”.

Па словах Святланы Мацкевіч, існуе небяспека, што гэты дыялог можа адбыцца без удзелу грамадзянскай супольнасці, якая настойвае на вырашэнні праблемы ўнутры Беларусі. Але еўрапейскія структуры і ўрад дэманструюць схільнасць дзейнічаць толькі ў двухбаковым парадку. Данесці гэты мэсэдж прадстаўнікі беларускай грамадскасці спрабавалі падчас круглага стала ў Берліне.

“Еўрапейскія структуры могуць дапамагаць з экспертнага боку”, — лічыць Святлана Мацкевіч.

Эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій звяртае ўвагу, што Балонскі працэс у Беларусі — не столькі адукацыйны, колькі палітычны праект, і гэта вылучае нас сярод іншых краін-удзельніц. Але пры дапамозе дыялогу ёсць магчымасць распаўсюдзіць гэтую мадэль і на іншыя сферы — сацыяльную, эканамічную.

“Нам адкрыта акно магчымасцяў, якое можна выкарыстаць мірна, але ёсць небяспека, што яно не будзе выкарыстана”, — выражае заклапочанасць суразмоўца і дадае, што застаецца ўсяго 1,5 года, за якія яшчэ можна нешта зрабіць.

Святлана Мацкевіч распавяла, што з нямецкага боку беларускія ўдзельнікі сустрэч у Берліне атрымалі шмат парадаў адносна разгортвання Балонскага працэсу. Нават у Германіі ён ідзе не так хутка і гладка, як хацелася б. Бо мае адзін даволі спецыфічны нюанс: для далейшага развіцця неабходна пастаяннае “ўключэнне мазгоў”, рэфлексія адносна таго, як ідзе працэс. І гэта пры тым, што ў Германіі ўніверсітэты маюць аўтаномію і выкарыстоўваюць яе напоўніцу.

Яшчэ адна асаблівасць, якая вылучае Беларусь сярод іншых удзельнікаў Балонскага працэсу, заключаецца ў яго агульнай рамачнай устаноўцы. У Еўропе ён перадусім арыентаваны на рынак працы і накіраваны на тое, каб спецыялісты маглі адаптавацца і канкурыраваць у еўрапейскай прасторы.

“Мы ставім пытанне шырэй — што Балонскі працэс стварае дыскурс і нагоду для разгортвання палітычнай мадэлі. На постсавецкай прасторы адукацыя павінна арыентавацца на фармаванне мыслення, а не толькі на рынак працы. Мы мусім ажыццяўляць дэсаветызацыю ў сістэме адукацыі. Бо затарможаная дэсаветызацыя ў Беларусі замінае пачатку рэформ, яна замінае маладым кіраўнікам прымаць адэкватныя рашэнні. Таму спачатку неабходна падрыхтаваць чалавечы рэсурс, і пачынаць трэба не са студэнтаў, а з акадэмічнай супольнасці і ўпраўленцаў. І працэс гэты мусяць пачаць вядучыя ўніверсітэты краіны, замест таго, каб штампаваць спецыялістаў з дыпломамі па модных спецыяльнасцях”, — пераканана Святлана Мацкевіч.

На пытанне, што застаецца рабіць грамадзянскай супольнасці, каб палепшыць сітуацыю, кандыдат педагагічных навук адказвае, што яна і так робіць усё магчымае. Але цяпер ужо пытанне дзеянняў заключаецца не ў якасці, а ў колькасці. На думку эксперта, на ўсіх магчымых пляцоўках неабходна казаць пра дэсаветызацыю, беларусізацыю і еўрапеізацыю адукацыі. А яшчэ грамадзянская супольнасць павінна выпрацаваць адзіную стратэгію дзеянняў, якой пакуль няма.

eurobelarus.info