Святлане Ціханоўскай сёння споўнілася 39. Муж-палітвязень павіншаваў яе з-за кратаў
Лідару дэмакратычнага руху Святлане Ціханоўскай 11 верасня споўнілася 39 гадоў. Яна пайшла ў палітыку летась, пасля таго, як не быў дапушчаны да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах яе муж, Сяргей Ціханоўскі. Ціханоўская хутка здабыла папулярнасць — падчас паездак па краіне яна збірала вялізныя мітынгі. І не дзіўна, што ў абвешчаныя ЦВК вынікі выбараў многія не паверылі, пачаліся масавыя пратэсты, а легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі не прызнаюць шматлікія краіны свету, адзначае «Еўрарадыё».
Ужо больш за год Святлана Ціханоўская жыве з дзецьмі за
мяжой, прадстаўляе беларускі дэмакратычны рух, здзяйсняе шматлікія паездкі,
праводзіць сустрэчы, змагаецца за вызваленне беларускіх палітвязняў. Сярод іх —
Сяргей Ціханоўскі, які з канца траўня 2020-га знаходзіцца за кратамі. Закрыты
суд над ім праходзіць у Гомелі.
Ціханоўскі павіншаваў сваю жонку з днём нараджэння.
Адвакатка Наталля Мацкевіч перадала праз Twitter ягоныя словы на выпадак, калі
ліст з віншаваннямі не пройдзе цэнзуру.
«Сяргей прасіў сказаць, што больш шчырага і сумленнага чалавека, чым
Святлана, ён ніколі ў жыцці не сустракаў», — напісала Наталля Мацкевіч.