Закупайцеся канвертамі і маркамі: у Беларусі яшчэ шэсць палітвязняў
Гэта ўзятыя пад варту і асуджаныя па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") Аляксей Мінаў, Глеб Койпіш, Аляксей Муравіцкі, Максім Клімовіч; па артыкулах 342 і 369 КК Дар’я Чайко; па артыкулах 342 і 415 КК Кірыл Пальчэўскі.
«Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.
Яны ў чарговы раз патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Аляксея Мінава, Глеба Койпіша, Аляксея Муравіцкага, Максіма Клімовіча, Дар’ю Чайко, Кірыла Пальчэўскага і спыніць іх крымінальны пераслед, а таксама неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.