«Настрой у Леаніда баявы»

У Гомелі тыдзень ідзе суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі Таццянай Ласіца і Марыяй Тарасенка, паведамляюць праваабаронцы.

leonid.jpg

Роўна тыдзень таму ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля пачаўся суд над праваабаронцам «Вясны» Леанідам Судаленкам і валанцёркамі арганізацыі Таццянай Ласіца і Марыяй Тарасенка. Усіх вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).

У першы дзень суда суддзя Сяргей Салоўскі па хадайніцтве пракурора пастанавіў разглядаць справу супраць праваабаронцаў у закрытым рэжыме. Прычына: «У мэтах неразгалошвання сведчанняў, што ўтрымліваюць банкаўскую таямніцу пра рух грашовых сродкаў на рахунках, якая абараняецца законам, а таксама ў інтарэсах забеспячэння бяспекі сведкаў і іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, членаў іх сем’яў і блізкіх сваякоў».

Але жонка праваабаронцы Аксана Судаленка выказала меркаванне, што суд закрылі, «хутчэй за ўсё, з-за падстаўнога сведкі». Трэцяга верасня яна паспела ўбачыць мужа ў залі суда.

У сувязі з тым, што справа разглядаецца ў закрытым рэжыме, адвакаты Леаніда і Марыі Тарасенка, якая знаходзіцца на волі, не могуць распавесці пра ход справы. Адзінае, што адзначыў адвакат праваабаронцы яго жонцы Аксане, — што «настрой у Леаніда баявы». Гэта можа значыць, што Судаленка нават за кратамі працягвае змагацца за абарону правоў чалавека.

У справе 79 тамоў, да суда дапыталі каля 300 сведак. У суд выклікалі сведкамі каля 50 чалавек. Пасяджэнні прызначаныя практычна на кожны працоўны дзень у верасні. Судзіць праваабаронцу Леаніда Судаленку будуць і ў дзень яго 55-годдзя — 23 верасня.