«Мы тут, бачым неба, сонца, нашых дзяцей, а яны не могуць»

Алеся Сяргеенка — жонка палітвязня Максіма Сяргеенкі, якому далі тры гады калоніі за «лялькі» чыноўнікаў і Лукашэнкі. Яна распавяла «Магілёўскай вясне», праз што даводзіцца праходзіць жанчыне, чый муж быў рэпрэсаваны за свае перакананні.

На сённяшні дзень статус палітвязня атрымалі 659 чалавек. 659 сем’яў чакаюць сваіх блізкіх дадому. Сям’я Максіма Сяргеенкі — не выключэнне. 

На дадзены момант былы кіроўца «хуткай дапамогі» адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №1 у Наваполацку. Дома яго чакаюць жонка і маленькі сын.

СІЗА ўспамінае з жахам


Максім у лістах піша, што ў наваполацкай калоніі як у войску: прыходзіцца гладка галіцца, зашпільвацца на ўсе гузікі. У ПК-1 да «палітычных» заўсёды больш увагі, чым да звычайных сядзельцаў.

Затое кормяць там лепш, чым у магілёўскім СІЗА, піша ў лістах Максім Сяргеенка:

«Як мала трэба чалавеку для шчасця — спачатку ўсё адняць, а потым выдаваць усё маленькімі дозамі», — распавядае ён у адным з лістоў. Ён кажа, што СІЗА ў магілёўскай турме ўспамінае з жахам: у калоніі лягчэй, можна бачыць неба і сонца.

Алеся мужу ў адказ піша вельмі далікатна. Кажа, што цэнзура строгая, таму стараецца больш жартаваць і падбадзёрвае мужа.

У нас яшчэ толькі пачатак


Пасля таго, як забралі мужа, кажа Алеся, яна стала больш сентыментальнай, у хаце ўсё нагадвае пра Максіма. Часам дзяўчына плача, але нікому гэта імкнецца не паказваць і не скардзіцца. У сям’і Сяргеенкаў гэта не прынята. Пра Максіма Алеся адклікаецца як пра моцную асобу, ад якой ніколі не чуваць скаргаў.


– Аднойчы мы глядзелі нейкі ваенны фільм і Максім спытаў мяне, што б я рабіла на месцы жонак салдат, калі б ён пайшоў на вайну. Я яму адказала, што куды іголачка — туды і нітачка, нават калі б цябе павезлі на Калыму, мы б даехалі і туды, — успамінае Алеся.

Алеся кажа, што Максім чалавек мэтанакіраваны і заўсёды ідзе да канца:

— Пасля дня Х, калі ўсё пачалося, я ўжо разумела, што ён не зможа маўчаць. Калі ён убачыў, што адбываецца ў Магілёве, ён быў шакаваны. Праязджаючы на ​​ровары, Максім бачыў гэтыя зачысткі ў цэнтры нашага горада. А калі змаглі ў інтэрнэце ўбачыць, што робіцца ў Мінску, мы не маглі зразумець і прыняць – як такое можа быць. Пасля гэтага ён не мог нічога не зрабіць, казаў мне: «А хто, калі не мы? Гэта не дзеля нас, а дзеля свабоды нашых дзяцей».

За Максіма Алеся баялася, але заўсёды яго падтрымлівала. Адзінае, пра што яна прасіла мужа, — гэта памятаць пра сям’ю. Абодва яны лічаць, што гвалт непрымальны ні з аднаго, ні з другога боку.

Паспеў адсвяткаваць першы Дзень народзінаў сына


— Пасля таго, як 24 лістапада 2020 Максіма затрымалі на 72 гадзіны, і калі ён потым выйшаў да суда, мы кожную хвіліну былі разам. Больш нічога не хацелася. Паспелі адсвяткаваць першы Дзень народзінаў сына. Гэтыя пяць месяцаў, пакуль ён быў дома, далі нам магчымасць падрыхтавацца. Хаця, як да гэтага можна падрыхтавацца, гэта немагчыма, — распавядае жонка палітвязня.
Суд па крымінальнай справе адбываўся не ў Магілёве — абвінавачаных па «справе лялек» прывозілі ў Круглянскі раённы суд. А потым яшчэ і закрылі працэс. Але ўсё роўна на кожнае пасяджэнне сям’я Сяргеенкаў ездзіла разам. Толькі на адно або два, кажа Алеся, патрапіць не змагла. Чакала на вуліцы, пад будынкам суда, калі можна было каля залы пасяджэнняў нешта пачуць, падыходзіла і слухала.

— На апошнім пасяджэнні, калі выступалі адвакат і абвінаваўца, мы з сынам былі на вуліцы, побач з судом. Мне прыйшло СМС ад мужа, што пракурор просіць пяць гадоў. У мяне валасы паўсталі дыбам і як быццам кіпенем мяне абдалі. Я ўдакладніла ў Максіма, праз колькі яны скончаць, і за гэты час адышла, выплакалася, прывяла сябе ў парадак. Я павінна была сустрэць яго з усмешкай. Дадому ехалі моўчкі, нават сын маўчаў. Да панядзелка, гэтыя два дні, мы быў толькі ўдваіх. Нікога бачыць і размаўляць не хацелася, нават на шашлыкі схадзілі. А ў панядзелак я склала яму торбу і паехалі на абвяшчэнне. Там паспелі яшчэ разам пабыць, з сынам ён пабыў і паехаў, — успамінае перыяд суду Алеся Сяргеенка.

Для нас ён проста з'ехаў


Паводле яе слоў, яна да гэтага часу не можа гаварыць, што «Максіма пасадзілі».

— Максім для нас проста з’ехаў. Хочацца думаць, што ненадоўга. Каля СІЗА там усе як адна сям’я, мне вельмі дапамагалі: пакуль паперы запаўняю, з сынам і пагуляюць, і бэсцяць, каб мне хаця б хвілінку выдыхнуць. Максім калі ад’язджаў, усё думалі, што сын пачне хадзіць, а ён усё не хацеў. Максім з’ехаў — і праз два тыдні Глеб пайшоў, — распавядае Алеся

На пытанне, якім Алеся бачыць будучыню, яна ўпэўнена адказвае: «Вядома ж светлай».

— Калі муж спытаў, што будзе, калі яму дадуць пяць гадоў, я сказала: «Значыць будзем чакаць пяць. Дадуць дзесяць – будзем дзесяць». У мяне ніколі нават пытанне не стаяла — чакаць ці не. Так, вядома, вар’яцка цяжка, асабліва ў моманты, калі ўсё адразу ляціць. Пасядзела, падумала як жыць далей, сабралася і пачысціла каналізацыю, памяняла астуджальную вадкасць і алей у машыне. Я заўсёды была ў Максіма асістэнтам і шмат чаму навучылася (смяецца). Хтосьці скажа, напэўна, гэта ж складана. Не, не складана, калі ты любіш свайго мужа і бачыш будучыню толькі з ім. Як бы цяжка ні было, я стараюся пра гэта не думаць. У нас усё яшчэ будзе, — упэўненая Алеся.

Жонкам і маці, якія аказаліся ў падобнай сітуацыі, Сяргеенка раіць знаходзіць для сябе сэнс ва ўсім, што робіш. Галоўнае — разумець, што зняволеным у калоніі значна цяжэй, чым іх сваякам на волі.

— Мы тут, бачым неба, сонца, нашых дзяцей, а яны не могуць. Толькі ў лістах пачытаць, і тое не ўсе аддаюць. Трэба разумець, нават калі ў запале нешта скажа, пакрыўдзіць, то не трэба крыўдзіцца, трэба ўмець разумець. Трэба сябе супакойваць, што гэта наш шлях і мы дойдзем па ім да канца. Я не думаю, што чакаць трэба столькі і столькі гадоў, стаўлю сабе задачы на ​​месяц, так лягчэй, — раіць жонка палітвязня.

Трэба быць згуртаванымі тут


Паводле слоў Алесі, яна бачыць, што людзей у такой жа сітуацыі, як яна, цяпер стала вельмі шмат. Прыходзячы ў магілёўскае СІЗА, Сяргеенка часта сутыкалася з разгубленымі жонкамі зняволеных. Гэтым людзям абавязкова трэба дапамагаць і быць побач, упэўненая дзяўчына:

— Прыходжу, бачу, што стаіць і не разумее, што трэба рабіць, што тут да чаго. Я падыходзіла, дапамагала, хоць і была з маленькім сынам. Але не дапамагчы людзям у такой сітуацыі нельга. І мне таксама дапамагалі. Дзякуй асобнае маці Сяргея Скока [яшчэ адзін палітвязень з Магілёва, які атрымаў 3,5 гады калоніі па «справе лялек»], яна вельмі падтрымлівае. Нельга замыкацца ў сабе. Калі нашы блізкія там, мы павінны быць згуртаваныя тут.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: