«Лічыць сябе невінаватай». Наталлю Хершэ тройчы ўгаворвалі напісаць прашэнне аб памілаванні
Ад грамадзянкі Швейцарыі, палітзняволенай Наталлі Хершэ прыйшоў першы ліст за апошнія амаль чатыры месяцы. Пра гэта паведаміў «Свабодзе» брат Наталлі Генадзь Касьян. Ліст датаваны 3 верасня.
Наталля Хершэ, асуджаная на два з паловай гады за сарваную з сілавіка балаклаву, амаль два месяцы правяла ў штрафным ізалятары ў калоніі. Так яе пакаралі за адмову шыць форму сілавікам і іншыя ўчынкі. З ШІЗА яе перавялі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), дзе яна сядзіць адна.
Паводле Генадзя, Наталлю ўжо тройчы ўгаворвалі напісаць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Генадзь мяркуе, што гэтае пытанне таксама падымала і старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая на пачатку жніўня наведвала жаночую калонію ў Гомелі, дзе адбываюць пакаранне Наталля Хершэ і іншыя палітвязні.
«Наталля ўсім адмовіла, бо лічыць сябе невінаватай», — сказаў «Свабодзе» брат Наталлі.
Паводле Генадзя, ліставанне з Наталляй прыпынілася яшчэ ад таго часу, калі яна была ў ШІЗА. Цяпер яна знаходзіцца ў ПКТ, як вынікае з ліста Наталі.
Наталля піша, што па-ранейшаму застаюцца праблемы з ліставаннем. За апошнія два тыдні яна атрымала толькі адзін ліст.
«Збольшага ў мяне ўсё добра, стрэсу няма. Чытаю, захапляюся Салжаніцыным, прачытала яго „Архіпелаг ГУЛАГ“. Гэта нешта! Гэта той твор, які абавязаны ўвайсці ў школьную праграму. А яшчэ чытаю вершы і некаторыя завучваю. А яшчэ пішу скаргі на тое, з чым я не згодная», — піша Наталля.
Паводле Наталлі, яе не гняце ізаляцыя ад сукамерніц, яна імкнецца праводзіць час «з карысцю для розуму і цела».
«Задумаешся часам... Прайшоў ужо год, так хутка, але як ярка! Столькі падзей і эмоцый! Вось і пагодзішся, што галоўнае не „колькі“, а „як“... А часам здаецца, што ўсё гэта не са мной адбылося.
Як будзе выглядаць маё жыццё пасля зняволення, для мяне здаецца цяпер такім загадкавым... Што, калі маё зняволенне працягнецца яшчэ не адзін год? — піша Наталля. — Вера! Гэта тое, што мяне ратавала заўсёды».
Наталля піша, што чакае сустрэчы з амбасадарам Швейцарыі Клодам Альтэрматам.
«Спадар Альтэрмат мне ўжо як сваяк, а апошні раз мы нават абмяняліся паветранымі пацалункамі. Ну хто такое мог бы ўявіць больш за год таму?» — піша Наталля.
Пасол Швайцарыі Клод Альтэрмат пасля мінулага наведвання Наталлі Хершэ ў гомельскай калоніі напісаў у Twitter, што «сітуацыя з Хершэ застаецца няпростай» і што для яе «вельмі важная падтрымка звонку».
У лісце да брата Наталля піша, што якасць ежы значна палепшылася, з’явіліся бульба, буракі і капуста. Паводле Наталлі, у яе са здароўем усё добра.
«Адзінае, за што перажываю, — гэта валасы, яны сталі танчэйшыя і пачалі выпадаць, думаю, што справа ў зніжэнні жалеза. Аналізы, якія мне тут рабілі, паказалі гемаглабін 160 і 14 мг жалеза, але я ў гэта не веру», — піша Наталля.
У лісце брату Наталля піша, што з задавальненнем атрымала б пасылку з садавіной, але па правілах утрымання ў ПКТ яна не мае на гэта права. Апошні раз ёй зрабілі саступку, калі яна выйшла з галадоўкі. У ПКТ Наталля мае права патраціць 29 рублёў у месяц.
«Закупка у нас 7 верасня, і я замоўлю сабе яблыкаў, агуркоў і крыху печыва (ем па адным на вячэру), — піша Наталля. — Перадавай усім, што я адчуваю сябе цудоўна і духоўна, і цялесна. Усім удзячная за ўдзел у маім лёсе і падтрымку».
Наталлю Хершэ 7 снежня пакаралі двума з паловай гадамі зняволення за супраціў супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса). 19 верасня падчас жаночага маршу каля Камароўскага рынка 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца. Паводле прысуду, яна мусіць выплаціць пацярпеламу тысячу рублёў. Сваёй віны Хершэ не прызнала. Яна адбывае пакаранне ў жаночай калоніі №4 г. Гомеля.
У красавіку стала вядома, што палітзняволеная Наталля Хершэ звярнулася да прадпрыемстваў, каб яны заказалі шыць цывільнае адзенне ў гомельскай калоніі №4, дзе яна адбывае пакаранне. Наталля заявіла, што адмаўляецца шыць форму для сілавікоў на вытворчасці ў калоніі.