«Пікетавала БЧБ-валасамі». Дзяўчыну аштрафавалі за колер валасоў
Раніцай 9 верасня на вуліцы Адзінцова ў Мінску затрымалі 19-гадовую Вікторыю Лёвіну. Міліцыянтам не спадабаўся колер валасоў дзяўчыны, таму яе затрымалі і адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, піша «Вясна назірае».

Ілюстрацыйнае фота
На Вікторыю склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, дзе пазначылі, што яна «правяла пікетаванне, маючы на галаве афарбоўку валасоў бел-чырвона-белага колеру».
Суд над дзяўчынай адбыўся ў той жа дзень у судзе Фрунзенскага раёна. Вікторыя распавяла, што валасы пафарбавала амаль паўгода таму дзеля жарту. Адразу яны былі белыя, а ззаду — некалькі пасмаў чырвонага колеру. Але ў дзяўчыны адраслі чорныя карані валасоў, таму яны цяпер маюць афарбоўку «чорна-бел-чырвоную».
Суддзя Наталля Бугук папрасіла па скайпе Лёвіну павярнуцца і паказаць, як выглядае колер валасоў. Суддзя адзначыла, што ў яе «вельмі цікавая і арыгінальная прычоска» і прызнала Вікторыю вінаватай у пікетаванні. Вынік — штраф у памеры 2320 рублёў (80 базавых).