Святлану і Міхаіла Волчак асудзілі на 15 сутак
31 жніўня суд Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці разгледзеў справу Святланы Волчак — выкладчыцы БДУ, якая ўдзельнічала ў стварэнні стачачнага камітэта ва ўніверсітэце. Ёй далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, яе мужу Міхаілу — столькі ж.
Святлану Воўчак і яе мужа Міхаіла затрымалі ўвечары 28 жніўня ў вёсцы Застружжа Іванаўскага раёна — ва ўласным прыватным доме, дзе яны рабілі рамонт. Пра гэта паведамляў БелаПАН са спасылкай на сястру Міхаіла Волчака Вольгу.
Па словах Вольгі, у Святланы і Міхаіла "канфіскавалі ноўтбукі, тэлефоны, дрон і дакументы". Таксама яна распавяла, што Святлане інкрымінуецца ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па артыкуле 23.34 КаААП.
Выхадныя сям'я Волчак правяла ў Іванаўскім РАУС. На разгляд у суд іх справу перадалі каля 16 гадзін 31 жніўня.
Мужа і жонку судзілі па артыкуле 23.34. Як вынік — суд вынес рашэнне даць кожнаму па 15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведаміла TUT.BY Вольга, сястра Міхаіла. Акрамя гэтага, у іх канфіскавалі частку тэхнікі.
27 жніўня Міхаіл Волчак паведаміў БелаПАН, што напярэдадні выкладчыкаў БДУ, якія падпісалі петыцыю з палітычнымі патрабаваннямі да кіраўніцтва ВНУ, пачалі па тэлефоне выклікаць у пракуратуру.
— Пакуль ніхто не хадзіў, але кагосьці палохаюць нейкай крымінальнай справай. Дэталі не гаварылі па тэлефоне. У парадку дня — запрашаюць на размову, — сказаў ён.
Паводле tut.by