Святло найбольш патрэбнае ў цемры
Я шчыльней прыціскаюся носам да салодкай пахучай макаўкі немаўляці. Удых-выдых, удых-выдых — і вось удаецца перажыць-прадыхаць навіну пра ахвяраў чарговага ракетнага абстрэлу адных суседзяў іншымі.
![img_20221214_175310.jpg img_20221214_175310.jpg](/img/v1/images/img_20221214_175310.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як пад коўдру, занырваю ў аксітацынавую хвалю падчас гадавання грудзьмі, калі чытаю пра новыя затрыманні знаёмых з блізкага кола.
Расцалоўваю таўсташчокі тварык, калі адна за адной прыходзяць звесткі пра заўчасныя смерці людзей, якіх ведала і якія яшчэ столькі ўсяго маглі б зрабіць для жыцця.
Растаю ад першых, яшчэ несвядомых усмешак бяззубага рота, якія дашчэнту вымятаюць з матчынай галавы думкі пра тое, якая будучыня чакае маё дзіця ў гэтай занядбанай краіне і ва ўсім гэтым жорсткім свеце.
Я гэтага не ведаю. Але дакладна ведаю, што маё новае маленькае жыццё тут, яно мірна пасопвае пад бокам, смешна парохкваючы і ўскідваючы тоненькія ручкі ўва сне. Гэта мая надзея, мая вера і мая ўпэўненасць у тым, што ўсё недарэмна. Вось яна, такая цёплая і з кожным днём усё больш важкая. Я люляю яе і запешчваю — бо толькі так і варта абыходзіцца з надзеяй. Каб не патанчэла, не змарнела, не зблякла.
З'яўленне гэтага маленькага камячка ў такі змрочны час — самае своечасовае і цудоўнае з таго, што здаралася ў маім жыцці. Нейкім неверагодным чынам цалкам безабаронная малеча ратуе мяне ад усёй цемры свету.
І таму веру, што ў мяне, у маёй краіны, у суседзяў і ва ўсяго чалавецтва ёсць будучыня — пакуль сярод гвалту, катаванняў і самай сапраўднай смерці ўспыхваюць ліхтарыкі новага жыцця. І яны будуць свяціць, асвятляючы навакольную цемру. Бо менавіта ў цемры святло асабліва патрэбнае.