Што чакае Беларусь праз год? Чатыры сцэнары ад экспертаў
«Стабільнае балота», «Акопная вайна», «Белазахстан» або «Змена ўлады праз памылку» — эксперты з трох краін распрацавалі чатыры сцэнары магчымага развіцця падзей у Беларусі да канца 2022 года. Пра іх — DW.
Дванаццаць экспертаў з Беларусі, Германіі і Польшчы сабраліся разам і распрацавалі чатыры сцэнары развіцця беларускага палітычнага крызісу да канца 2022 года. На гэтым тыдні іх прэзентавалі ў Бруселі еўрадэпутатам, уключаючы пасла ЕС у Беларусі Дзірка Шубеля і членаў дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Мінскам.
Як распрацоўвалі сцэнары
У аснове сцэнарыяў ляжаць два фактары — дэмакратычная
трансфармацыя (змены ў дзяржапараце, гатоўнасць рэжыму Лукашэнкі да рэформаў) і
ўзровень сацыяльнай мабілізацыі (наколькі беларускае грамадства гатовае
патрабаваць пераменаў).
Эксперты вылучаюць асобны фактар, які можа паўплываць на
развіццё таго ці іншага сцэнара, — так званы «чорны лебедзь». Гэты тэрмін,
прыдуманы былым біржавым трэйдарам Насімам Талебам, пазначае рэдкую і не прагназуемую падзею, якая пры гэтым мае сур'ёзныя наступствы.
Напрыклад «чорным лебедзем» у беларускім
палітычным крызісе можна лічыць прымусовую пасадку ў Мінску самалёта Ryanair з
журналістам Раманам Пратасевічам на борце.
Палітолагі падкрэсліваюць, што распрацаваныя сцэнарыі не
з'яўляюцца дакладнымі прагнозамі.
— Пытанне не ў тым, наколькі рэалістычныя сцэнары. Ідэя была
паказаць існуючыя тэндэнцыі, і што пры ўмовах a, b або c можа адбыцца ў
Беларусі на працягу наступных 12 месяцаў, — кажа адна з аўтараў сцэнарыяў,
эксперт па Беларусі германскага фонду Маршала ЗША Марына Рахлей.
Першы сцэнар: «Стабільнае балота»
Паводле гэтага сцэнару, рэпрэсіі і адсутнасць перспектыў для
дэмакратычнага развіцця прыводзяць да апатыі ў беларускім грамадстве. Палітычна
актыўныя грамадзяне з'язджаюць за мяжу. Рэжым Лукашэнкі ўмацоўвае свае пазіцыі,
не дапушчаючы расколу ў дзяржапараце і паміж элітамі. Такім чынам, улады ў
Мінску вырашаюць, што няма неабходнасці праводзіць дэмакратычныя рэформы або
ісці на саступкі патрабаванням пратэстоўцаў.
— Гэты сцэнар адрознівае тое, што ў ім няма «чорных
лебедзяў», — адзначае Вольга Дрындава, Куратар распрацоўкі сцэнарыяў, член
рабочай групы па Беларусі. — Гэта значыць, да яго мы можам прыйсці, калі не
будзе адбывацца нечаканых падзей. Гэта такі варыянт Беларусі пост-2010 года ў
рэальнасці пост-2020-га.
Другі сцэнар «Акопная вайна»
У дадзеным выпадку Аляксандр Лукашэнка адмаўляецца ад ідэі
правядзення рэферэндуму па змене Канстытуцыі і замест гэтага прымае новую
Канстытуцыю, ухваленую парламентам у жніўні 2022 годзе.
Прэзідэнцкі тэрмін павялічваецца з 5 да 6 гадоў, а
мінімальны ўзрост для абрання прэзідэнтам зніжаецца да 25 гадоў. Гэта можа
азначаць падрыхтоўку да пераходу ўлады да малодшаму сыну Лукашэнкі — Мікалаю.
Але палітычных зменаў у кірунку дэмакратычнага пераходу ўлады няма.
Тут эксперты ўводзяць «чорнага лебедзя»:
напрыклад, адзін з лідараў апазіцыі памірае ў турме ад ковіда па віне
адміністрацыі, паколькі яму своечасова не аказваецца дапамога. Гэта падзея
шакуе грамадзянскую супольнасць, ЕС узмацняе санкцыі. У выніку чаго
грамадзянская супольнасць мабілізуецца, актывісты працягваюць падпольную
барацьбу, хоць і ў меншых маштабах.
— Акопная вайна — кожны працягвае настойваць на сваім, — тлумачыць Марына Рахлей. — З аднаго боку, беларускае грамадства працягвае барацьбу, нягледзячы на рэпрэсіі. З іншага боку, нягледзячы на санкцыі і мабілізацыю
грамадства, Лукашэнка ўтрымлівае ўладу дзякуючы падтрымцы Расіі. Таму нічога не
мяняецца.
Трэці сцэнар: «Белазахстан»
Рэферэндум па Канстытуцыі стварыў на паперы плюралізм, але
Лукашэнка па-ранейшаму з'яўляецца кіраўніком Беларусі на новай пасадзе —
кіраўніка Усебеларускага народнага сходу (УНС). Міграцыйны крызіс нарастае, і
ЕС, у прыватнасці Польшча, заключае здзелку з Лукашэнкам («чорны
лебедзь»).
Дэмакратычныя сілы расчараваныя, беларусы дэмаралізаваныя і
адчуваюць сябе здраджанымі міжнароднай супольнасцю.
У гэтым сцэнары эксперты вылучаюць два важныя моманты.
Па-першае, сыход Лукашэнкі на пасаду кіраўніка УНС.
— Нават калі застанецца аўтакратыя, яна становіцца менш
персаніфікаваная. Гэта не вядзе адразу да дэмакратыі, але магчымыя маленькія
крокі да дэмакратызацыі ўнутры сістэмы, — мяркуе Вольга Дрындава.
Па-другое, яна паказвае на сувязь паміж перамовамі Захаду з
Лукашэнкам і настроямі ў беларускім грамадстве: «Любыя здзелкі з рэжымам
на гэтым этапе могуць моцна паўплываць на настроі сярод беларусаў унутры краіны
і ў колах дэмакратычных сіл, для якіх гэта азначае страту палітычнай вагі».
Чацвёрты сцэнар: «Змена ўлады праз памылку»
Правал кампаніі па Канстытуцыйным рэферэндуме правакуе
чысткі ў дзяржапараце, у тым ліку смерць шэрагу чыноўнікаў. Напалоханая гэтымі
практыкамі частка сілавікоў і беларускіх элітаў здзяйсняюць дзяржпераварот.
Лукашэнка губляе ўладу і аказваецца пад вартай.
Знешнія сілы — Ес, ЗША, але таксама і Расія — падтрымліваюць
пераход улады. Грамадзянская супольнасць мабілізуецца і ўцягнутая ў перамовы аб
палітычным транзіце. Беларусь рыхтуецца да свабодных і справядлівых выбараў у
2023 годзе.
— Мы спрабавалі зразумець, як у бліжэйшы час можа адбыцца
дэмакратызацыя Беларусі. Гэты сцэнар малаверагодны і магчымы толькі ў
надзвычайнай сітуацыі. Такім «чорным лебедзем» мы палічылі палацавы
пераварот, выкліканы ўнутранымі рэпрэсіямі, — кажа адзін з аўтараў сцэнару
Андрэй Казакевіч.
Эксперт адзначае ролю Расіі: пераварот становіцца для Масквы нечаканасцю, але яна ўдзельнічае ў працэсе пераходу ўлады, каб захаваць Беларусь у зоне свайго ўплыву. Зрэшты, калі Расія рэагуе інакш і процідзейнічае перавароту, гэта можа стварыць рызыку грамадзянскага канфлікту.