Што трэба ведаць пра цыстыт і гігіену дзяўчынак? Спытайцеся ў педыятра
Цыстыт — гэта запаленне мачавога пухіра. У дзяўчынак ён здараецца ў пяць разоў часцей, чым у хлопчыкаў. Як засцерагчыся? Тлумачыць доктар Мая Церакулава.
У дзяцей, старэйшых за два гады, цыстыт мае выразныя сімптомы: частыя пазывы да мачавыпускання, хваравітае мачавыпусканне, смуродная мача. Часам цыстыт суправаджаецца павышэннем тэмпературы, парушэннем самаадчування. Лёгка дыягнастуецца з дапамогай аналізу мачы, у якім будуць бактэрыі і лейкацыты. У немаўлятаў выразных сімптомаў можа не быць, але непрыемны пах мачы — дастатковая падстава, каб здаць аналіз.
Лечацца цыстыты антыбіётыкамі, звычайна цэфаласпарынамі. Від антыбіётыка і яго дазаванне падбіраюцца індывідуальна лекарам.
Цыстыты ў пяць разоў часцей здараюцца ў дзяўчынак, чым у хлопчыкаў. Амаль заўсёды яны маюць бактэрыяльную этыялогію, амаль заўсёды узыходны шлях інфікавання. У дзяўчынак карацейшая ўрэтра, меншы шлях ад мачавога пухіра да навакольнага асяроддзя. І ўрэтра ў дзяўчынак шырэйшая. Таму бактэрыям прасцей па ёй дабрацца да мачавога пухіра.
Як жа бактэрыі трапляюць ва ўрэтру з навакольнага асяроддзя? Частая прычына — невыкананне гігіенічных норм. Чалавечая мача стэрыльная, у ёй няма бактэрый. Мачавы пухір стэрыльны, і ўрэтра таксама. Але непадалёк ад урэтры ёсць багаты на разнастайныя бактэрыі кішачнік. Бактэрыі ва ўрэтру часцей за ўсё трапляюць з перыанальнай вобласці.
Некаторыя дзяўчынкі проста не ведаюць, што падцірацца пасля прыбіральні або падмывацца ў душы трэба спераду назад. Гэта прынцыпова важна: спераду назад. Калі дзяўчынка пачынае самастойна хадзіць у прыбіральню і ў душ, бацькі павінны кантраляваць гэты працэс — каб бактэрыі з перыанальнай вобласці не заносіліся ў стэрыльную ўрэтру.
Што яшчэ, акрамя парушэння гігіены, можа правакаваць цыстыты ў дзяўчынак? Звычка трываць, доўга не хадзіць у прыбіральню. Бактэрыі паспяхова развіваюцца у застаялай мачы, таму дзяўчынкі павінны карыстацца прыбіральняй тады, калі хочацца. Доўга душыць пазывы да мачавыпускання шкодна. У норме дашкольнікі мочацца да 10 раз на дзень, прыкладна кожныя дзве гадзіны. Дзеці школьнага ўзросту павінны хадзіць у прыбіральню 4-7 раз на дзень.
Гэтак жа патэнцыйна небяспечнае няпоўнае апаражненне мачавога пухіра, калі там і пасля мачаспускання застаецца некаторая колькасць мачы. Поўнаму апаражненню мачавога пухіра можна навучыць метадам падвойнага апаражнення: калі дзяўчынка пайшла ў прыбіральню, трэба папрасіць яе схадзіць яшчэ раз. Можна рабіць гэта перад сном.
Дзеці залежаць ад бацькоў, іх трэба вучыць усяму. Дзяўчынка павінна ўмець называць свае палавыя органы, каб умець паскардзіцца пры дыскамфорце. Ёсць мноства кніг і дапаможнікаў у Інтэрнэце з адпаведнымі ілюстрацыямі. Ці проста мама можа спакойна і свабодна гаварыць з дзяўчынкай пра пытанні асабістай гігіены.
Такім чынам: цыстыт у дзяўчынак здараецца ў пяць разоў часцей, чым у хлопчыкаў. Прычынай таму ёсць слабая для інфекцый пабудова мочапалавой сістэмы. Дзяўчынкам вельмі важна прывіваць навыкі гігіены, іх трэба вучыць правільнаму мачаспусканню: доўга не трываць, спаражняць мачавы пухір цалкам. Дзяўчынкі павінны ўмець называць свае палавыя органы, гэта не павінна быць табуяванай тэмай у размовах з мамай, лекарам.