«Табе не цяжка, а нам для справаздачы трэба». Затрыманы Андрэй Музычэнка

Учора, 17 сакавіка, у Светлагорску на працы затрымалі Андрэя Музычэнку, у якога раней праводзілі ператрус у кватэры.



Цэнтр вольнага часу «Тандэм»

Цэнтр вольнага часу «Тандэм»

Спачатку ў цэнтр вольнага часу «Тандэм», дзе працуе 36-гадовы Андрэй Музычэнка, і дырэктарам якога з’яўляецца Яніна Пятроўна Крот, тэлефанавалі з міліцыі і спыталі, ці на працы Андрэй, паведамляюць праваабаронцы.

Каля 11:00 туды з’явіліся міліцыянты, як мяркуецца, з гомельскага АМАПу. Яны завезлі затрыманага ў Светлагорскі РАУС.

Праз нейкі час міліцыя зноў прыйшла ў «Тандэм» і забрала яго асабістыя рэчы – адзенне, заплечнік і мабільны тэлефон (выняцце рэчаў у адсутнасці ўладальніка аформлена не было). На пытанне дырэктаркі аб тым, ці чакаць работніка на працы, ёй адказалі: «Можаце яго звальняць».

Раней, 4 сакавіка, у кватэры, дзе жыве Музычэнка, сілавіка праводзілі ператрус — па частцы 3 артыкула 289 Крымінальнага кодэкса РБ – «Акт тэрарызму». Цяпер вядзецца крымінальная справа аб знішчэнні 28 лютага абсталявання на чыгуначным перагоне Астанкавічы – Жэрдзь у Светлагорскім раёне.

У той раз па Музычэнка таксама прыязджалі на працу, дзе і прад’явілі пастанову на вобшук. Кватэру абшуквалі людзі з КДБ. Суседзі адмовіліся быць панятымі, таму прысутнічалі дзве жанчыны, па выглядзе – з міліцыі. Шукалі забароненыя рэчы, якія б пацвердзілі датычнасць да тэракту, але нічога знойдзена не было. Пасля вобшуку А. Музычэнку вазілі на апытанне, затым вярнулі на працу.

Тады ж у Светлагорскім РАУС было запісана відэа з прызнаннем Музычэнкі ў тым, што ён 28 лютага выпадкова наведаў у месенджары «Тэлеграм» экстрэмісцкі канал «План «Перамога», але ніякіх дзеянняў там не рабіў і адразу яго пакінуў. Мясцовыя людзі кажуць, што відэа Музычэнку ўгаварылі запісаць: «Табе не цяжка, а нам для справаздачы трэба». Аднак у тэксце, які быў дададзены да відэа, сцвярджаецца, што Музычэнка ў «Плане «Перамога» зарэгістраваўся.