Таццяне Севярынец прызначылі суд за ўдзел у акцыях пратэсту

У чацвер 9 студзеня суд Першамайскага раёну Віцебску мае разгледзець два адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя ў дачыненні да актывісткі БХД Тацяны Севярынец за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34 КаАП).

Таццяна Севярынец

Таццяна Севярынец

Актывістку будуць судзіць за ўдзел у акцыях за незалежнасць, якія адбыліся 20 і 21 снежня ў Мінску.
«9 студзеня суд Першамайскага раёну хоча разгледзець адміністрацыйную справу ў дачыненні да мяне па 23.34 ч.1. Два пратаколы! Падзеі жыцця ў Новым годзе пачынаюцца з судоў», – напісала на сваёй старонцы ў Facebook Тацяна Севярынец.
Спадарыня Тацяна ўдакладніла «Віцебская Вясне», што пратаколы былі складзеныя за ўдзел у мінскіх акцыях за незалежнасць, якія прайшлі 20 і 21 снежня.


Судовае пасяджэнне ў Віцебску (суд Першамайскага раёну) запланаванае на 9 снежня, пачатак – у 09.10 гадзінаў. Але актывістка не ўпэўненая, ці будзе ў гэты дзень у Віцебску, бо збіраецца ў Мінск, каб падтрымаць сям’ю сына – палітыка Паўла Севярынца, які 26 снежня быў прысуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Тацяна Севярынец не выключае, што і яе могуць пакараць «суткамі».
Раней позвы ў суд за ўдзел у мінскіх акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй атрымала актывістка і блогерка Алена Янушкоўская.
Артыкул 23.34 (ч.1) прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
vitebskspring.org