Тадэвуш Кандрусевіч: У сучасным свеце барацьба за хрысціянскія каштоўнасці патрабуе гераізму

Сёння каталікі, пратэстанты, грэка-каталікі і некаторыя праваслаўныя святкуюць Божае Нараджэнне. Напярэдадні свята да беларускіх вернікаў звярнуўся з пасланнем Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Фота Уладзіслава Зарэцкага

Фота Уладзіслава Зарэцкага

Сярод іншага Тадэвуш Кандрусевіч зазначыў, што ў час шматлікіх крызісаў мы ўсё больш пераконваемся, што без Божага ўмяшальніцтва не зможам вырашыць нашых праблем.
З іх арцыбіскуп Кандрусевіч найперш згадвае крызіс сям’і. Паводле яго, большасць сем’яў знаходзяцца ў разводзе, таму падмурак грамадства нетрывалы, што не абяцае яму добрай будучыні, бо дзеці застаюцца без належнай апекі і выхавання абодвух бацькоў. Іх выхоўвае вуліца і сродкі масавай камунікацыі. У выніку дзеці ізалююцца і становяцца залежнымі ад сучасных тэхналогій і амаральных звычак.
Другая праблема, якой занепакоены мітрапаліт, — завоблачная колькасць абортаў. «Мы павінны шанаваць жывёл і годна ставіцца да іх. Але ці не здзіўляе нас тое, што за забойства сабакі нас могуць пакараць, а забойства дзіцяці ва ўлонні маці дазволена? Сям’я, якая павінна быць «санктуарыем жыцця», ператвараецца ў месца самагенацыду нацыі», — лічыць кіраўнік Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. .
«Мы атрымалі Збаўцу, які не пакідае нас адных і заўсёды бароніць. Гэта самая вялікая радасць і адзінае вырашэнне ўсіх нашых праблем.

Езус кажа: «Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку». А калі Ён з намі, то і мы павінны быць з Ім, бо ў Яго былі ўключаны ў сакрамэнце хросту. Калі Бог з намі, то хто супраць нас?

У сучасным свеце абарона праўды і барацьба за хрысціянскія каштоўнасці патрабуе надзвычайнага гераізму. Дзякуй Богу, у нас скончыўся час ганенняў на веру. Аднак наступае час ганенняў «у белых пальчатках». Дэмакратычным спосабам прымаюцца нязгодныя з Божым правам законы, вера спіхваецца на перыферыю жыцця і высмейваецца, адбываюцца акты блюзнерства, прафанацыі і знішчэння рэлігійных сімвалаў. Чыніцца ўсё гэта найчасцей на падставе правоў чалавека на абсалютную свабоду і талерантнасць без маральнай адказнасці.
Цыцэрон казаў, што вяршыня закону з’яўляецца вяршынай беззаконня. Таму самая вялікая талерантнасць становіцца вяршынай неталерантнасці. Разбураецца ўстаноўлены Богам маральны парадак.
Прапагандаваць амаральныя справы становіцца нормай, а маральныя — праблемай. У выніку наступае сістэматычная маральная дэградацыя чалавека, сям’і і цэлых народаў»

.
У той жа час Тадэвуш Кандрусевіч дадаў, што ніхто, таксама і людзі нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, не можа быць пазбаўлены магчымасці пачуць Добрую Навіну. Аднак у імя вернасці сваёй місіі Касцёл павінен абвяшчаць поўнае Евангелле — не выключаючы яго патрабаванняў. «Павага да асобаў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі не можа весці да прыняцця ідэалогій, якія імкнуцца перавярнуць традыцыйныя хрысціянскія звычаі з ног на галаву і ўчыніць рэвалюцыю ў галіне маральнасці, што вядзе да духоўнага спусташэння», — працытаваў арцыбіскуп словы папы Францішка.
«Сын Божы стаўся чалавекам, каб мы ў вымярэнні Божай ласкі сталіся багамі. Таму не будзьма баяцца ў мітусні сучаснага свету і святочных клопатаў знайсці час для Езуса! Не будзьма баяцца прыняць Яго ў нашыя сэрцы! Не будзьма баяцца, бо святло бэтлеемскай зоркі дае нам новую надзею, нават насуперак надзеі!», — падсумаваў іерарх. 
Са словамі віншаванняў мітрапаліт Кандрусевіч звярнуўся таксама да праваслаўных, якія праз два тыдні будуць адзначаць свята Божага Нараджэння, і ўсіх людзей добрай волі.
Паводле catholic.by