Тамара Сяргей трэці дзень не можа знайсці сваю справу па абвінавачванню ў рабаванні

Актывістка Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, юрыстка Тамара Сяргей трэці дзень не можа знайсці матэрыялы сваёй справы па абвінавачванню ў рабаванні. 



e6be5b6def555465fea6d6458bd7eba5.jpg

spring96.org

Нагадаем, што 6 лістапада ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі юрыстка была затрыманая на чыгуначным вакзале Мінска пад час сустрэчы з актывістамі ініцыятывы, каб разам паехаць да Палаца незалежнасці, дзе павінна была адбыцца цырымонія інаўгурацыі. Супрацоўнік Мінскага аддзела  ўнутраных справаў на транспарце, падпалкоўнік Сяргей Гаркавы ў прысутнасці старшага прапаршчыка Сяргея Махнача затрымаў юрыстку па абвінавачванню грамадзянкі Тарасавай у тым, што Тамара Сяргей адкрыта скрала кашалёк ў гэтай жанчыны. 

Юрыстку абшукалі, яе апытаў аперупаўнаважаны крыманільнага вышуку, капітан Мікалай Жылін. На спадарыню Тамару быў складзены пратакол затрымання, а затым пасля ўсіх адпаведных працэдураў была вынесеная пастанова аб вызваленні юрысткі, якая была зняволеная каля чатырох гадзінаў.     

Згодна Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, цягам 10 дзён павінна было вырашыцца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да юрысткі, альбо ў адмове ва ўзбуджэнні гэтай справы. Аднак прайшло 20 дзён, але да гэтай пары Тамара Сяргей так і не атрымала аніякага дакументу па сваёй справе.

Таму 24 лістапада юрыстка сама пачала цікавіцца лёсам названых дакументаў. Капітан Жылін па тэлефоне адказаў спадарыні Тамары, што не ведае, дзе яе справа. Тады па гэтаму пытанню спадарыня Тамара звярнулася да начальніка крымінальнага вышуку Мінскага аддзела  ўнутраных справаў на транспарце Сяргея Сінюка, які заявіў, што ў яго супрацоўнікаў справы на юрыстку няма і ўвогуле не змог патлумачыць, дзе знаходзяцца гэтыя матэрыялы.

“Я не першы год займаюся справалі людзей, якія неабгрунтавана і незаконна асуджаныя. А зараз на сваім досьведзе ўпэўнілася ў тым, што з любым грамдзянінам нашай краіны можа здарыцца што заўгодна. Гэта можа адбыцца таму, што ў праваахоўнай сістэме Беларусі часцяком дзейнічаюць па паняццях, а не па закону. І я не буду здзіўлена, калі ўвогуле не знайду матэрыялаў сваёй справы і не даведаюся, хто такая грамадзянка Тарасава”, — сказала Тамара Сяргей.