Таварыства беларускай мовы прэзентавала свой новы сайт
Партал месціцца па адрасе tbm-mova.by. Дарэчы, акрамя беларускай ён мае і англійскую версію. У адрозненне ад папярэдняга, новы рэсурс — паўнавартасны інтэрнэт-партал. Ён існуе ўжо каля месяца, але да прэзентацыі ён шырока не рэкламаваўся. За гэты час сайт паспеў напоўніцца кантэнтам і ўдасканаліцца ў тэхнічным плане. Дарэчы, у дзень прэзентацыі рэсурс здолеў набраць каля трох тысяч унікальных наведванняў.
Партал месціцца па адрасе tbm-mova.by. Дарэчы, акрамя беларускай ён мае і англійскую версію.
У адрозненне ад папярэдняга, новы рэсурс — паўнавартасны інтэрнэт-партал. Ён існуе ўжо каля месяца, але да прэзентацыі ён шырока не рэкламаваўся. За гэты час сайт паспеў напоўніцца кантэнтам і ўдасканаліцца ў тэхнічным плане. Дарэчы, у дзень прэзентацыі рэсурс здолеў набраць каля трох тысяч унікальных наведванняў.
Сайт змяшчае ўсю інфармацыю, датычную дзейнасці Таварыства беларускай мовы — статут, інфармацыю аб мясцовых арганізацыях Таварыства, навіны і карысную інфармацыю. Акрамя гэтага, гарадскія і раённыя арганізацыі ТБМ маюць свае падсайты, на якіх можна знайсці іх кантакты, навіны, выданні, анонсы мерапрыемстваў і іншую інфармацыю, датычную іх дзейнасці.
Асобны падзел на сайце займае інфармацыя аб моўным заканадаўстве Беларусі. Акрамя, уласна, розных законаў і пастановаў, кожны зарэгістраваны карыстальнік сайта можа атрымаць тут юрыдычную кансультацыю.
Бадай адным з самых цікавых падзелаў на сайце з'яўляецца «Беларуская мова». Тут змяшчаецца некалькі падпадзелаў: «Беларуская філатэлія», дзе сабрана шмат унікальнай інфармацыі аб першых беларускіх марках; «Беларуская мова ў храме»; «Стратэгія развіцця мовы» ды іншыя.
Ёсць тут і інформер, які паведамляе аб імпрэзах, запланаваных у Сядзібе ТБМ — цяпер аматарам беларушчыны будзе значна прасцей сачыць за імпрэзамі, якія арганізуе Таварыства і яго партнёры.
Акрамя ўсяго пералічанага, на сайце ёсць каталог друкаваных выданняў, якія выдаюцца Таварыствам беларускай мовы — тут можна спампаваць свежыя нумары часопіса «Верасень»
і газеты «Наша слова». Ёсць тут і электронная версія нядаўна прэзентаваных Правілаў дарожнага руху па-беларуску, а ў хуткім часе павінен з'явіцца і беларускамоўны канспект
правілаў.