Тэрыторыю амбасады Літвы закідалі бутэлькамі з запальнай сумессю

Здарэнне адбылося ў Мінску позна вечарам 6 лістапада. Невядомыя кінулі дзве бутэлькі з "кактэйлем Молатава", адбылося ўзгаранне.



111544.jpg

Як паведамляе БелаПАН, узгаранне патушылі літоўскія ахоўнікі, ніхто не пацярпеў. На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.
 

Адказнасць за акцыю пакуль ніхто не ўзяў.
 

"Вырашаецца пытанне аб кваліфікацыі гэтага злачынства і ўзбуджэнні крымінальнай справы. Крымінальная справа будзе распачатая адназначна", — сказаў прадстаўнік Следчага камітэта Павел Траулька.
 

"Ніякіх пагрозаў ні па тэлефоне, ні ў іншай форме нам не было. Таму мы ўсе вельмі здзіўленыя гэтай акцыяй", — сказала Радыё Свабода супрацоўніца амбасады Віта Наўскайцітэ.
 

Партызанскім (Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта Беларусі па факце закідвання пасольства Літвы бутэлькамі з гаручай сумессю распачата крымінальная справа на падставе часткі 2 артыкула 339 КК (злоснае хуліганства). Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Следчым камітэце.


Паводле euroradio.fm, БелаПАН