ТГ-канал і чат журналіста Аляксандра Івуліна прызнаныя экстрэмісцкімі
Тэлеграм-канал і чат «ЧестнОК» прызнаныя экстрэмісцкімі. Такое рашэнне прыняў суд Чыгуначнага раёна Віцебска.
Гэты ТГ-канал і чат з ютуб-каналам — праект палітзняволенага журналіста Аляксандра Івуліна, піша Еўрарадыё.
Нагадаем, 3 чэрвеня невядомыя ў цывільным прыйшлі ў кватэру да журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна з ператрусам, а потым адвезлі ў невядомым кірунку. 4 чэрвеня яго справу разглядзела ў судзе Фрунзенскага раёна суддзя Юлія Блізнюк. На журналіста ў Фрунзенскім РУУСе склалі пратакол па ч.3 арт. 24.23 КаАП нібыта за сцяг на акне кватэры. Аляксандр адмаўляе сваю віну. Івулін заявіў, што пры ператрусе сцяга на акне не было, таму ён заявіў хадайніцтва аб апытанні сведак, якія могуць пацвердзіць, што гэта праўда. Паводле яго меркавання, затрымлівалі яго супрацоўнікі ГУБАЗіКа.
Суддзя Блізнюк арыштавала Івуліна на 30 сутак. 2 ліпеня, за суткі да заканчэння 30-сутачнага тэрміну, журналіст Аляксандр Івулін стаў падазраваным па крымінальнай справе паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Журналіст знаходзіцца ў СІЗА №1 («Валадарка).