Топ-10 фальсіфікацыяў гісторыі вайны ў беларускіх падручніках і афіцыйных СМІ
Расійскія ўлады заяўляюць пра спробы фальсіфікацый гісторыі Другой сусветнай вайны. "Радыё Свабода" з дапамогай прафесійных гісторыкаў сабрала дзясятку фальсіфікацыяў той вайны, якія застаюцца ў беларускіх школьных падручніках і агучваюцца ў дзяржаўных СМІ Беларусі.
1. Вайна для Беларусі пачалася 22 чэрвеня 1941 года.
Першыя бомбы ўпалі на Горадню і Баранавічы ў верасні 1939 года. Амаль тыдзень Берасце было фактычна сталіцай Польшчы — увесь польскі ўрад уцёк у Берасце. А потым ужо ў Румынію. Таму і кінулі на Берасце танкавую дывізію Гудэрыяна. Немцы ўзялі Берасце ўжо 14 верасня і амаль цалкам яго знішчылі. Адным з першых змагароў з фашыстамі быў Янка Брыль, які ваяваў з першых гадзінаў вайны (ён апісвае гэта ў рамане «Птушкі і гнёзды»).
2. Напад Нямеччыны на СССР быў цалкам нечаканы.
На самой справе Сталін атрымаў каля 80 паведамленняў ад савецкай агентуры пра падрыхтоўку нападу і ягоныя тэрміны. Папярэдзіў яго пра гэта і Чэрчыль. Іншая справа, што Сталін ні Чэрчылю, ні сваёй выведцы не меў веры. Ён думаў, што Гітлер не асмеліцца ваяваць на два фронты, што немцы рыхтуюць высадку ў Англіі (апэрацыя «Марскі леў»), а перакіданне часткі войскаў на Ўсход — гэта такі манэўр, каб увесці ангельцаў у зман. Сталін нават перадаў у распараджэнне Нямеччыны звыш 20 транспартных караблёў, якія стаялі ў нямецкіх партах пад савецкімі сцягамі і з савецкімі экіпажамі ў чаканні пагрузкі нямецкага дэсанту. Раніцай 22 чэрвеня немцы захапілі гэтыя караблі без адзінага стрэлу. Невыпадкова на першым пасля нападу паседжанні Палітбюро ЦК ВКП (б) Сталін даў вельмі грубую ацэнку таго, што здарылася: «Прас... лі!»
3. Узброеныя сілы Нямеччыны і яе саюзнікаў шматкроць пераўзыходзілі ўзброеныя сілы СССР у еўрапейскай частцы краіны.
Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія па колькасці войскаў, якія знаходзіліся ў заходніх памежных акругах, саступала войскам вермахту і саюзнікаў Нямеччыны ў 1,3 раза — 3 мільёны 290 тысяч чалавек супраць 4 мільёнаў 306 тысяч. Але яна мела велізарную перавагу ў танках і самаходных гарматах (15 687 супраць 4170 нямецкіх, то бок больш як у 3,76 раза), у авіяцыі (10 742 самалётаў супраць 4642 — больш як у 2,32 раза) і ў артылерыі (59 787 гармат і мінамётаў супраць 42 600 — у 1,4 раза больш).
Калі ўлічыць савецкія войскі другога эшалона, якія знаходзіліся ў заходніх абласцях РСФСР, прылеглых да Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Украіны (а гэта больш за мільён чалавек), то і перавага ў колькасці асабовага складу таксама была на баку Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі.
4. Гарнізон Брэсцкай крэпасці мужна супраціўляўся каля двух месяцаў, скаваўшы значныя сілы вермахту.
Немцы занялі Берасце 22 чэрвеня да 12 гадзіны дня. Умацаванні (форты) Брэсцкай крэпасці штурмавала 45-я стралковая дывізія вермахту, якая складалася з аўстрыйцаў. Тыя войскі, што стаялі ў крэпасці, 22 чэрвеня сышлі адтуль у прылеглыя лясы і далей адыходзілі на ўсход. У крэпасці засталіся афіцэры штабоў і ўпраўленняў, каменданцкія, гаспадарчыя і іншыя падраздзяленні са складу 6-й і 42-й стралковых дывізіяў, памежнікі, чальцы афіцэрскіх сем’яў — усяго да 5 тысяч чалавек. Гэтыя разрозненыя часткі савецкая, а цяпер расейская і беларуская прапаганда называюць «гарнізонам». Абаронцы крэпасці капітулявалі 30 чэрвеня. Толькі ва Усходнім форце купка салдат на чале з маёрам Гаўрылавым працягвала супраціўляцца цэлы месяц — да 23 ліпеня. Але ніякага стратэгічнага значэння іх барацьба не мела. Наагул, Берасцем займаліся ўсяго дзве дывізіі праціўніка (31-я і 45-я) — са 166, якія ўдзельнічалі ва ўварванні.
5. «Лінія Сталіна»
Гэта сістэма ўмацаваных раёнаў уздоўж старой заходняй мяжы СССР ад Карэльскага перашыйку да берагоў Чорнага мора. Будавалася яна з 1928 да восені 1939 году і называлася тады «лініяй Молатава» (а ў нямецкіх дакументах — «лініяй Сталіна») — па аналогіі з «лініяй Мажыно», «лініяй Манэргейма». Паводле падручнікаў, Полацкі, Менскі, Слуцкі, Мазырскі ўмацаваныя раёны знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. Гэта 966 агнявых збудаванняў. «Лінія Сталіна» магла весці бесперабойны артылерыйскі і кулямётны агонь. Задачай «Лініі Сталіна» было прыкрываць Менск.
Насамрэч на так званай «Лініі Сталіна» былі лякальныя баі, але вызначальнага ўплыву на ход ваенных падзеяў яна не зрабіла.
Дэмантаж «Лініі Сталіна» пачаўся з восені 1939 году, пасля падпісання Пакту аб ненападзе і далучэння Заходняй Беларусі. Да лета 1941 году дэмантаж «Лініі Сталіна» быў завершаны на 85%. Вось чаму немцы на пятыя суткі ўзялі Менск, і ніякіх баёў ад Берасця да Менску не было.
6. На часова акупаванай тэрыторыі ўвесь народ падняўся на партызанскую барацьбу супраць акупантаў
Паводле савецкіх і шэрагу беларускіх навукоўцаў, «партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі насіў агульнанародны характар. Колькасць беларускіх народных мсціўцаў перавышала 374 тысячы чалавек. Яны былі аб’яднаныя ў 1255 атрадаў, з якіх 997 уваходзілі ў склад 213 брыгад і палкоў, а 258 атрадаў дзейнічалі самастойна». Так сцвярджае вядомы беларускі гісторык А. Каваленя.
Аднак савецкая статыстыка сучаснымі замежнымі гісторыкамі лічыцца вельмі завышанай, і таму агульнанародны характар партызанскай вайны ставіцца пад сумнеў. (Катлярчук А., Бернард К’яры. Штодзённасць за лініяй фронту: Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941–1944 гады).
Паводле афіцыйных лічбаў, у партызанскім руху ўдзельнічала не больш за 5% насельніцтва. На думку некаторых гісторыкаў, лічбы завышаныя ў 2–3 разы. Партызаны да вясны 1943 года не наносілі вермахту прыкметнай шкоды. А гісторыі пра неверагодныя подзвігі групы Канстанціна Заслонава ў Воршы, атрада бацькі Міная (Шмырова) і іншыя такога кшталту — перабольшванне.
Беларускія партызаны ў гады вайны забілі і паранілі 500 тысяч фашыстаў, немцаў і іхніх памагатых, сцвярджае афіцыйная статыстыка. Ніводная краіна свету не пацвярджае такой колькасці ахвяраў. Паводле дадзеных прафесара Эмануіла Ёфэ, партызаны маглі забіць каля 100 тысяч. Прычым з забітых большасць — калабарацыяністы, а меншасць — немцы. Партызан усяго было 374 тысячы. Шмат хто з камандзіраў партызанскіх атрадаў даваў завышаныя зводкі.
7. Эвакуацыя. З Беларусі было эвакуявана 1,5 мільёна чалавек
У энцыклапедыі «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941–1945» сцвярджаецца: «25 чэрвеня 1941 года арганізавана Цэнтральная эвакуацыйная камісія пры СНК БССР на чале са старшынёй СНК І. Былінскім. З ліку цывільнага насельніцтва ў першую чаргу эвакуацыі падлягалі дзеці. На ўсход у чэрвені-жніўні вывезена больш за 190 дзіцячых устаноў (каля 16,5 тысячы дзяцей)... Усяго ва ўсходнія раёны — у Паволжа, на Урал, у Заходнюю Сібір і іншыя — выехала каля 1,5 млн працоўных Беларусі... »
Аднак да гэтага часу праблема эвакуацыі насельніцтва БССР у гады вайны, а асабліва колькасць эвакуяваных, застаецца «белай плямай».
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца дадзеныя пра эвакуацыю насельніцтва БССР у рэгіёны Расейскай Федэрацыі, асобныя дадзеныя па Армянскай і Туркменскай ССР. Паводле падлікаў прафесара Эмануіла Ёфэ, зробленых на падставе спісаў, якія захоўваюцца ў архіве, лік эвакуяваных з Беларусі склаў каля 110 тысяч чалавек. Акрамя таго, у Нацыянальным архіве Беларусі захоўваецца «Даведка аб эвакуацыі насельніцтва БССР» ад 1 чэрвеня 1942 года. Згодна з ёю, з Беларусі эвакуявана 120,1 тысячы чалавек. Ёсць яшчэ спісы па некаторых рэгіёнах — Комі АССР, Алтайскім краі, Мардоўскай, Чуваскай АССР і г. д. Плюс яшчэ дадамо колькасць эвакуяваных дзяцей па розных спісах — 36 850 чалавек.
8. Страты. У Беларусі загінуў кожны чацвёрты.
Статыстыка сведчыць: калі да вайны ў Беларусі ў яе цяперашніх межах пражывала 9,2 мільёна чалавек, то ў канцы 1944 — 6,3 мільёна. Паводле дадзеных Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, усяго на тэрыторыі БССР забіта 2 219 316 чалавек цывільнага насельніцтва і ваеннапалонных (сярод іх 1,4 мільёна мірнага насельніцтва і 800 тысяч ваеннапалонных).
Многія даследчыкі лічаць, што звесткі пра людскія страты па шэрагу раёнаў былі значна заніжаныя, што дадзеныя па некаторых лагерах для ваеннапалонных — недакладныя. У гэтую лічбу таксама не ўключаныя тыя, хто знік без вестак, байцы Чырвонай Арміі з ліку беларусаў, што трапілі ў палон і загінулі там. Не ўлічаныя таксама вывезеныя ў Нямеччыну мірныя жыхары, якія там загінулі.
.
9. Гераізацыя асобаў. Подзвіг Мікалая Гастэлы.
Паводле афіцыйнай версіі, 26 чэрвеня 1941 году ў самалёт капітана авіяцыі Мікалая Гастэлы трапіў зенітны снарад, капітан развярнуў самалёт і накіраваў яго ў калону фашысцкай тэхнікі. Са зводак Савінфармбюро ад 5 ліпеня 1941 года пра гэты таран даведаўся ўвесь Савецкі Саюз.
У 1951 годзе магілу капітана Гастэлы раскапалі для ўрачыстага перазахавання, і сярод рэшткаў знайшлі асабістыя рэчы іншага лётчыка — Аляксандра Маслава. Самалёт Маслава вылецеў на заданне бамбіць шашу ў раёне Радашкавічаў. Гісторыкі сцвярджаюць, што менавіта Маслаў накіраваў свой палаючы самалёт у нямецкія цыстэрны.
Але Гастэла ўжо стаў часткай савецкай прапагандысцкай машыны, подзвіг Гастэлы жыў сваім уласным жыццём і абскарджванню не падлягаў.
Намаганнямі прыхільнікаў альтэрнатыўнай версіі ў 1992 годзе Маслаў быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны I ступені, а ў 1996 годзе яму надалі званне «Герой России». Шэраг даследчыкаў (найперш сын Мікалая Гастэлы — палкоўнік у адстаўцы Віктар Гастэла) абвяргаюць версію з Маславым.
10. Белыя плямы. Беларусь пасля вайны страціла свае тэрыторыі.
10 жніўня 1945 года быў прыняты закон аб савецка-польскай мяжы. Згодна з ім Польшчы дасталася амаль уся Беластоцкая вобласць (17 раёнаў), да таго ж 3 раёны Берасцейскай вобласці. Гарады Аўгустоў, Беласток, Бельск, Гайнаўка, Драгічын, Ломжа і іншыя сталі польскімі. Узамен БССР атрымала ўсяго толькі 15 вёсак на былой польскай тэрыторыі.
Такім чынам, Беларусь стала адзінай краінай з ліку пераможцаў фашызму, якая страціла частку сваёй этнічнай тэрыторыі.
Усе астатнія краіны забралі тэрыторыі (Літва — палову Курскай касы і вярнула Клайпеду; Польшча — Вроцлаў, узбярэжжа Балтыйскага мора; Расея — Калінінград). У падручніках пра гэта не пішуць.
www.svaboda.org