Трагікамедыя ў Аксамітах скончылася хэпі-эндам

Гісторыя барацьбы жыхароў вёскі Аксаміты з пустазеллем мае шчаслівы фінал: нарэшце вёску абкасілі. Але шлях да гэтага быў нялёгкім.

img_1114_logo.jpg


Кароткі змест папярэдніх серый: жыхары вёскі Аксаміты Капыльскага раёна з пачатку вясны вялі барацьбу за аднаразавае абкошванне вёскі і пустуючых участкаў. На шматлікія звароты ў Грозаўскі сельвыканкам атрымлівалі абяцанні аб вырашэнні праблемы ў наступным месяцы.

img_1113_1_logo.jpg


Па інфармацыі Зінаіды Цімошак, толькі ў жніўні яна атрымала шчыры адказ ад старшыні сельвыканкама Жаны Скрыган аб адсутнасці ўласнай тэхнікі і немагчымасці абкошвання вёскі.

img_1130__1__logo.jpg


Старшыня сельвыканкама патлумачыла, што тэхніка сельскагаспадарчага прадпрыемства вызваліцца толькі восенню і пустуючыя зямельныя ўчасткі ў населенным пункце будуць абкошаны да 1 кастрычніка 2018 года, — распавяла жанчына. — Такое вырашэнне пытання вяскоўцы палічылі запозненым, паколькі выспеўшы асот працягваў засмечваць агароды і дзяржаўныя палі. Вырашылі распавесці праблему ў звароце да Мінскага аблвыканкама, у які ўключылі і спасылкі на публікацыі ў «Новым часе» з фотаздымкамі выспеўшага асоту.

img_1115_logo.jpg


Ужо праз тыдзень пасля звароту ў Мінскі аблвыканкам у вёску прыехалі прадстаўнікі з зямельнага камітэту і аховы расліннага свету, якія вывучылі сітуацыю і зрабілі фотаздымкі. Ужо 7 верасня вёска была ідэальна абкошана.
Сведкай доўгачаканай ідэальнай «апрацоўкі» вёскі была Антаніна Лазоўская, якая жыве насупраць аднаго з занядбаных участкаў:
— Мусіць, трактарыст атрымаў падрабязны інструктаж, бо не прапусціў ніводнага зарослага месца. Касіў усё падрад: і ўчасткі, і вуліцу, і выган, — распавяла цётка Антаніна. — Хай бог яму дае здароўя. Але ж вёску цяпер не пазнаць: выглядае вельмі культурна.

Акуратнае падвор'е пенсіянеркі Яніны Давідоўскай з вёскі Яўсеевічы

Акуратнае падвор'е пенсіянеркі Яніны Давідоўскай з вёскі Яўсеевічы

Па словах жыхароў, зараз у Аксаміты заходзяць нават наведвальнікі з іншых вёсак — каб падзівіцца знешняй культурнасці.
Жыхары вёскі Яўсеявічы, пра якую мы распавядалі ў артыкуле «Вясковае гета», пакуль не могуць пахваліцца такім паказальным абкошваннем.
Але, як паведаміла Яніна Давідоўская, пасля зваротаў і публікацый была прагрэйдзіравана вясковая вуліца.Сапраўды, па цэнтральнай вуліцы вёскі ўжо можна праехаць, а электрыкі нават абкасілі электрычны трансфарматар.

img_1108_logo.jpg


Жыхары вёскі Яўсеявічы хочуць каб і ў іх было абкошана гэтаксама як і ў Аксамітах, але разумеюць, што зрабіць гэта нялёгка. Яны яшчэ не гатовы на працягу некалькіх месяцаў матаць нервы сабе і сельвыканкаму, каб прымусіць улады выканаць Адміністратыўны і Зямельны кодэксы.