Трэці этап талакі ў Курапатах — з 19 па 26 кастрычніка
Дню памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі прысвячаюцца мерапрыемствы, што ладзіць грамадская ініцыятыва “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты”.
Курапаты
Нагадаем, што з 2007 года грамадскасць штогод адзначае 29 кастрычніка, як Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі ў сувязі з тым, што ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года ў Мінску ва ўнутранай турме НКУС БССР (у так званай “Амерыканцы”) былі расстраляныя каля 100 выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, а ўсяго за 1937 год у сталіцы Беларусі было пакарана смерцю больш за 80 тысяч чалавек.
З 19 па 26 кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты адбудзецца трэці этап талакі. Талака распачнецца 19 кастрычніка а 12.00 каля Крыжа пакутаў. У буднія дні (з 21 кастрычніка) пачатак працы а 16.00, у суботу (26 кастрычніка) – а 12.00. Ініцыятыва заклікае ўсіх неабыякавых далучацца да талакі. Тым больш, што яе ўдзельнікі атрымаюць памятныя значкі, зробленыя з дапамогай кампаніі “Гавары праўду”.
Падчас першых дзвюх этапаў талакі, якія доўжыўся з 25 траўня, на паўночна-заходняй частцы ўрочышча каля 150 удзельнікаў грамадскай акцыі прыбралі ад смецця, хмызняку і сухастою каля 1 гектару курапацкага ляснога масіву з амаль 30 гектараў, якія ён займае. Прычым, акрамя бытавых адкідаў і бітага шкла ад пікнікоў і несанкцыянаванага вывазу смецця валанцёры знайшлі зарослыя травою гурбы асфальту і будаўнічых матэрыялаў. Дзякуючы талацэ ўпершыню за шмат гадоў сталі бачныя некаторыя западзіны — мажлівыя пахаванні бязвінных ахвяраў сталінізму, а да праблемаў нацыянальнага некропалю была прыцягнута больш пільная ўвага грамадства і, асабліва, чыноўнікаў, якія не чакалі, што будзе выкрыта абыякавае стаўленне дзяржавы да ўтрымання курапацкага лесу.
28 кастрычніка а 18.00 на сталічнай сядзібе Партыі БНФ адбудзецца брыфінг па праблемах ушанавання памяці ахвяраў таталітарызму на Беларусі з удзелам гісторыка Ігара Кузняцова, сябраў міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял”, ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” і Хрысціянскага руху.
На 29 кастрычніка запланаваны жалобны марафон па месцах масавых забойстваў у Мінску ахвяраў сталінізму, які пачнецца а 11.00 ад Кальварыйскіх могілак, пройдзе праз Лошыцу, Трасцянец і Парк Чалюскінцаў, і завершыцца а 18.00 у Курапатах. Тут прагучаць малітвы за бязвінна закатаваных, за Беларусь і пакаяння. Затым на курапацкіх крыжах уздоўж Галгофы будзе запалены традыцыйны зоркавы шлях са знічак.
Актывісты ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” запрашаюць людзей далучыцца да гэтых мерапрыемстваў, 29 кастрычніка а 20.00 запаліць знічы жалобы каля святыняў і ля вокнаў сваіх хат, а таксама памаліцца за бязвінна закатаваных і за Бацькаўшчыну-Беларусь.