Трэцяя лінія мінскага метро прыме пасажыраў 7 лістапада
У Мінску сёння адбылося ўрачыстае адкрыццё трэцяй галіны метро. Праўда, для таго, каб на станцыю «Кавальская Слабада» прыехаў Аляксандр Лукашэнка, горад перад гэтым зачысцілі.

Станцыя «Кавальская Слабада», фота Дар'і Буракінай
Як паведамляе блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул Первого», беларускаму кіраўніку падарылі асаблівы праязны на метро.
Яшчэ ў чацвер у раёне станцыі «Кавальская Слабада» рыхтаваліся да ўрачыстага адкрыцця. На месцы бачылі чыноўнікаў, праяўлялі актыўнасць камунальнікі і міліцыя. З раніцы сілавікоў заўважылі таксама ў раёне станцый «Юбілейная плошча» і «Плошча Францішка Багушэвіча».
Для пасажыраў трэцяя лінія метро адкрыецца 7 лістапада ў 12.30.
У Мінску пакуль запускаюць чатыры станцыі Зялёналужскай лініі: гэта «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча», «Юбілейная плошча».
За «Кавальскай Слабадой» ужо будуюцца наступныя станцыі трэцяй галіны: «Аэрадромная», «Немаршанскі сад» і «Слуцкі гасцінец». Усяго на трэцяй лініі плануецца 14 станцый (з Курасоўшчыны ў Зялёны Луг праз цэнтр горада). На будаўніцтва першых чатырох станцый гэтай галіны сышло больш за пяць гадоў.
Паводле tut.by