Трэшачок тыдня. Дзіўная прорва ідэолагаў і «былы футбаліст» Лукашэнка

2022 год заканчваецца, але не вычэрпваюцца ў Беларусі крыніцы дзяржаўнага глупства. «НЧ» правёў традыцыйную інспекцыю крынжу дыктатарскага рэжыму і вось чаго назбіраў.

1_637.jpg

Лукашэнка не ўгледзеў на чэмпіянаце свету беларускіх футбалістаў

На гэтым тыдні Лукашэнка паклікаў да сябе міністра спорту Сяргея Кавальчука ды іншых чыноўнікаў, каб паразмаўляць пра галіну, у якой ён лічыць сябе абазнаным спецыялістам. Вядома, Аляксандр Рыгоравіч вялікі эксперт і ў іншых сферах. Ён і лепшы вірусолаг, які лекуе каронавірус гарэлкай і трактарам. І непараўнальны эканаміст, які прыпыняе рост цэн уласнаручна падпісанай дырэктывай. Ну а ў сельскай гаспадарцы дык увогуле прафесар — каб не ён, то не было б у Беларусі рапсавага алею, а была б адна палегліца.
Але ўсё ж спорт — гэта іншае. Тут у Лукашэнкі сапраўдны душэўны парыў. «Настаяшчая» платанічная жарсць да дамавіны. І заўзятары дакладна: каб «галоўны спартсмен» некалі не «разлажыў гонку» для Дар’і Домрачавай, то дусту б яна б выйграла, а не алімпійскія медалі.

kavalchuk.jpg


Дык вось. Паклікаў ён да сябе міністра і загаварыў з ім ужо як «былы футбаліст».
«Ідзе чэмпіянат свету. Я нешта, Сяргей Міхайлавіч, не заўважыў там нашых футбалістаў. Ці я проста дрэнна назіраю за чэмпіянатам свету? Там і блізка няма. Больш за тое, я параўноўваю гульню нашых футбалістаў з тым футболам, які сёння паказваюць там спартсмены. І прытым яны паказваюць гэтыя вынікі ў зімовы перыяд часу. І, як былы футбаліст, які займаўся шмат футболам, — мне проста страшна становіцца», — заявіў Лукашэнка.
Ну, што «былы футбаліст» недзе там гуляў на першынстве лазні — пра гэта байнет парагатаў яшчэ колькі галоў таму. У гэтай цытаце адметна іншае — кепскі зрок чалавека, які не можа разгледзець тое, чаго няма. Вядома, Лукашэнка як бы іранізаваў, але ж яго думку можна працягнуць.
Зараз нельга заўважыць на чэмпіянатах свету і беларускіх хакеістаў. Дзе яны, Сяргей Міхайлавіч? Нават праз лепшую оптыку не ўбачыш на Кубку свету беларускіх біятланістаў. А што здарылася? На чэмпіянатах Еўропы не разгледзіш баскетбалістаў, гандбалістаў, штангістаў, лёгкаатлетаў… І шмат каго яшчэ, уключаючы амаль усе віды спорту. Але дзе ж яны падзеліся? Што такое? І хто ў гэтым вінаваты?
Ды вядома хто — адзін дзівосны чалавек, які вырашыў пагуляцца ў вайнушку ва Украіне разам з Пуціным. Праз тое спорту ў Беларусі наогул фактычна не засталося. Дый той, што быў да 24 лютага, дэградаваў так імкліва, што на Алімпіядах фіксаваліся адзін антырэкорд за другім.
І міністры мянялі адзін аднаго. То генерал-маёр Аляксандр Шамко прыходзіў з Міністэрства па надзвычайных сітуацый. То генерал-лейтэнант Юрый Сівакоў з міліцыі. То вось цяпер палкоўнік Кавальчук са службы бяспекі Лукашэнкі. Столькі зорак на пагонах і медалёў за бездакорную службу ў кожнага, але ў спорце медалёў усё меней.
Па выніках нарады Лукашэнка прыгразіў Кавальчуку адстаўкай у наступным годзе, і, відаць, без яе не абыдзецца. Засталося даведацца, адкуль на гэты раз прыйдзе чарговы ратавальнік галіны. Не выключана, што з Міністэрства абароны. Там добрых спецыялістаў у спорце хапае. Хаця да «галоўнага спартсмена» ім, канечне, далёка.

Дэфіцыту ідэолагаў у Мінску дакладна не будзе

Пару дзён таму прапагандысты з агенцтва «Мінск-Навіны» распавялі пра сустрэчу намесніка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Ігара Луцкага з ідэолагамі Савецкага раёна сталіцы. Здавалася б сустрэча як сустрэча. Нешта там традыцыйна гаварылася пра пагрозы ад калектыўнага Захаду, кавалачак стабільнасці пасярод неспакойнага свету ды традыцыйныя каштоўнасці беларускай сям’і, уключаючы чарку ды скварку. Але адна акалічнасць кінулася ў вочы пільным чытачам дзяржаўнага агенцтва. А менавіта — велізарная колькасць гэтых самых ідэолагаў.

3_529.jpg


Можаце палічыць самі, але падаецца, што ў залу іх набілася недзе каля сотні. Нагадаем, што аніякай дададзенай вартасці ці іншай карысці яны грамадству не прыносяць. Галоўным функцыянальным абавязкам гэтых людзей з’яўляецца агітацыя насельніцтва за рэжым Лукашэнкі. За што той рэжым плаціць ім добрыя заробкі, забяспечвае сацыяльным пакетам і іншымі выгодамі.
Як тут не згадаць, што ў краіне не хапае медыкаў, кіроўцаў ды спецыялістаў шэрагу іншых прафесій. Многія з’язджаюць за мяжу — ці на заробкі, ці ў эміграцыю. Некаторыя мяняюць прафесію праз адсутнасць перспектыў. Бо і з эканомікай у Беларусі абы што, падаюць ВУП і рэальныя даходы… Але на ідэолагаў, якія штодзень распавядаюць беларусам, як ім пашанцавала жыць пад мудрым кіраўніцтвам самі ведаеце каго, грошай заўсёды хопіць.

Лукашэнкаўскія камуністы прапанавалі перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў Мінску



4_492.jpg


Праўладная Камуністычная партыя да 100-годдзя стварэння СССР не ўтрымала ў сабе шэраг ініцыятыў, якія абавязкова трэба рэалізаваць у Беларусі. У прыватнасці, сумуючыя па часах ГУЛАГу, голаду і масавых расстрэлаў камуністы прапанавалі перайменаваць вуліцу імя Кастуся Каліноўскага ў Мінску. У лік тых, у чый гонар варта гэтую вуліцу назваць, яны ўключылі, канечне, і Іосіфа Сталіна.
Патлумачылі партыйцы сваю прапанову фактычна просьбамі «абшчэственнасці», то-бок «шматлікімі зваротамі патрыятычных грамадзян». Ліст з ідэямі светлай будучыні камуністы накіравалі ў Мінгарвыканкам.
Пакуль складана сказаць, адкуль растуць ногі ў гэтай кампаніі. Добра, калі трызнёвая ідэя саспела ў галавах ленінскіх нашчадкаў сама па сабе. Кепска, калі камуністам загадалі выканаць ролю таўкача, з дапамогай якога рэжым сапраўды хоча пазбавіцца ад вуліцы Каліноўскага. Паверыць у другі варыянт нескладана, бо прапагандысты даўно ўжо пляжаць кіраўніка паўстання 1863 года, называючы яго ў тым ліку «польскім тэрарыстам». Праўда, тады прыйдзецца забараніць вялікую беларускую класіку — «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Дый, уласна самога Караткевіча, паколькі ён узвялічваў «тэрарыста». Ці наважацца на гэты лукашэнкаўцы — пытанне. Але могуць, зразумела. Ім цяпер любы трэшачок не страшны.

У Новы год на асенізатарскай машыне

photo_2022_12_17_12_07_58.jpg


На здымку, які перад вамі, чароўна ўсё. І білборд з надпісам «З Новым годам, Магілёў!» і асенізатарская машына, якая вязе гэты святочны заклік. Журналісты выдання Mogilev.media заўважылі гэткі дызайнерскі цуд, як можна здагадацца, у абласным цэнты на ўсходзе краіны, дзе праходзіў аўтамабільны парад Дзедаў Марозаў.
Самі таго не ведаючы, магілёўскія дзяржаўныя крэатыўшчыкі генеравалі метафару магутнай мастацкай сілы.Калі хто не ведае, асенізатарская машына 364 дні ў годзе звычайна возіць у сваёй бочцы лайно. Калі на 365-ты дзень ёй даць правезці святочны транспарант з найлепшымі пажаданнямі гараджанам, змесціва і прызначэнне асенізацыі ад таго не зменяцца. То атрымліваецца, што якраз да навагодніх святаў мясцовыя ўлады падкацілі магілёўцам бочку лайна. Мабыць, у якасці падарунка. Пра рэакцыю мясцовых на віншаванне нічога не паведамляецца. Усіх з надыходзячым!