Трэшачок тыдня. Што такое «чучинщина», альбо Ці прыраўняюць Канапацкую да Лебядка

Што можа зламаць мозг лукашэнкаўскай прапагандзе? Чаму былая кандыдатка ў прэзідэнты дазволіла сабе лішняе? Як расійцы, збеглыя ад мабілізацыі, спрабуюць закасіць пад беларусаў? І дзе можна пабачыць сінія пальцы, якімі Лукашэнка ўчапіўся ў сваю пасаду? Адказы — у чарговым чарце недарэчнасцей з беларускай кунсткамеры.

kanapa_1206.jpg

Канапацкую варта было б прыцягнуць за «садзейнічанне экстрэмізму»

На гэтым тыдні выявілася, што пытаннем будучай амністыі займаецца не хто-небудзь, а былая кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах 2020 года Ганна Канапацкая. Намінальны апанент Лукашэнкі, яна не спазнала аніякіх рэпрэсій і цяпер наўпрост супрацоўнічае з рэжымам. Што не павінна здзіўляць, бо Ганна — «канструктыўны апазіцыянер». Змагаецца за перамены, прыкладна як гэта робіцца ў КНДР, дзе спецыяльна прызначаныя «альтэрнатыўшчыкі» ходзяць на дэкаратыўныя выбары, афіцыйна прызнаючы «вядучую ролю» кіраўнічай Працоўная партыі.

Калегі з «Н*шай Нівы» распыталі Канапацкую пра амністыю, задалі ёй шэраг пытанняў. Нешта там яна адказала, маўляў, амністыя будзе і наогул усё будзе добра, але адметным падаецца сам факт інтэрв’ю палітыка выданню, якое прызнанае на ўсю галаву «экстрэмісцкім». Тут пара турбавацца, як бы спадарыню Ганну не прыцягнулі да адказнасці да заганныя сувязі з «экстрэмістамі».

Прэцэдэнты такому пераследу даўно ўжо створаныя ў Беларусі. Роўна за тое ж самае, напрыклад, сядзіць ваенны аналітык Ягор Лебядок. Ён даваў каментары такому ж забароненаму «Е*рарадыё», і на яго завялі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Ці завядуць на Канапацкую, пытанне рытарычнае.

Нешта падказвае, што не, не завядуць. Чаму — «вы ўсё самі разумееце». Закон у Беларусі — гэта такі вожык у тумане, які то ёсць, то яго няма. Таму за Канапацкую можна быць спакойнымі. Пры Лукашэнку яна не прападзе.

413929_original.jpg

Сяброўская Лукашэнку Куба легалізавала аднаполыя шлюбы

Афіцыйная Гавана падклала тлустую свінню свайму беларускаму сябру Лукашэнку. У 2020 годзе кіраўнічыя там больш за 60 гадоў камуністы прызналі яго пераабранне — хто б сумняваўся. У 2022-м яны ж дазволілі ў краіне аднаполыя шлюбы — і вось гэта сапраўдны «нечаканчык».

Бо як бачыць свет беларуская прапаганда? Бачыць чорным і белым. Белыя і пухнатыя спрэс дыктатуры — Беларусь, Расія, усялякая Эрытрэя і Куба, вядома. Ну а чорным, безумоўна, з’яўляецца калектыўны, як яны кажуць, Захад. Мала таго, што дэмакратычныя краіны танчаць пад дуду Злучаных Штатаў, дык яшчэ там — сапраўдны шабаш сексуальных меншасцей. Адным словам Гейропа, з якой нам не па дарозе.

Дарэчы, на лютаўскім так званым рэферэндуме сярод іншых выгадных Лукашэнку змен у Канстутытуцыю перапісалі як раз і параграф пра шлюбы. Цяпер у беларускім заканадаўстве гэта строга саюз мужчыны і жанчыны. А то ці мала што, на ўсялякі выпадак трэба ж пастаянна пазбягаць «тлятворнага вліянія Западу».

Але вось у Кубе не забаяліся, што муры нацыянальнай маралі разбурацца ад дадатковых правоў сексуальным меншасцям. Дазволілі ім і шлюбы, і нават усынаўленне дзяцей. Для гэтага тамтэйшыя камуністы цэлы рэферэндум правялі, прычым, выглядае, што і галасы палічылі сумленна. Новаўвядзенні падтрымалі дзве траціны (67%) кубінцаў, іх волевыяўленне зафіксавалі ў заканадаўстве, то дзе-нідзе і на Выспе Свабоды пачынаюць працаваць дэмакратычныя інструменты.

«Каханне — гэта цяпер закон», — сказаў з нагоды прэзідэнт Мігель Дыяс-Канэль. З афіцыйнага Мінска рэакцыі, здаецца, не было. Але, мусіць, варта было б выказаць заклапочанасць, бо, як казаў вядомы гамафоб Лукашэнка, «галубятня» — гэта зло. 

wr_960_25.webp


Якое слова ў Беларусі замяніла ўкраінскую «паляницю» для ідэнтыфікавання расійцаў

Пуцін абвясціў мабілізацыю, і неяк адразу ў Беларусі паболела расійцаў. Не ведаеце, чаму? І мы не ведаем. Пры гэтым у Казахстане і Грузіі, куды расійскія мужчыны кінулі ратавацца ад ролі «гарматнага мяса», улады называюць колькасць уцекачоў з РФ — лік ідзе на многія дзясяткі тысяч. Беларускі рэжым на гэтую тэму не справаздачыцца, дый увогуле робіць выгляд, што нічога не адбываецца. Турысты і турысты, сардэчна запрашаем.

Між тым расійцы ў Беларусі актыўна здымаюць жытло, засяляюцца ў гатэлі, дзе ў першыя дні пасля заявы Пуціна, кажуць, не засталося свабодных месцаў. Пераймаюцца, вядома, што па запыце РФ іх пачнуць выдаваць назад — у родненькія ваенкаматы. Ды яшчэ кемяць у сваіх чатах, як бы гэта так зрабіць, каб не адрознівацца ад тутэйшых. 


Першае, што расійскія госці-госці-госці ўсвядомілі — няма аніякай Белоруссіі. Засталася па той бок мяжы, дзе ніяк не навучацца правільна прамаўляць назву суседняй краіны. Цяпер у іх пануе Беларусь. А яшчэ яны абмяркоўваюць беларускі аналаг праверачнага слова. Ну, памятаеце, як ва Украіне пасля пачатку вайны заканспіраваных акупантаў выўлялі з дапамогай пытання: «Скажы "паляниця"»? Нашта падобнае там-сям сустраецца і пасярод нашых памяркоўных абшараў. Прынамсі, некаторыя рускія візіцёры пра гэта распавядаюць.

Іх правяраюць на «чучинщину». Яны не ведаюць, што гэта за слова такое, але мы, вядома, лёгка тут бачым нашу любімую і добрую Шчучыншчыну з іранічнага хіта 2020 года.

Зразумела, што вымавіць гэты неалагізм не кожны беларус адразу зможа. А рускі — і пагатоў. Украінская «паляниця» ў параўнанні — проста задачка без зорачкі. Таму прапанова: у каго з расійцаў Шчучыншчына будзе адскокваць ад зубоў — тым адразу даваць від на жыхарства. Напрыклад, уласна ў Шчучыне. Бо нашы ж людзі, калі язык свой вялікі і магутны не паламалі. 

_fif8m.jpg

У Мінску з зямлі «выраслі» пальцы, стварыўшы моцну алюзію на Лукашэнку

У Мінску каля аднаго з бізнес-цэнтраў з’явіліся пальцы. Тырчаць наўпрост з зямлі. Кажуць гэта такі арт-аб’ект, які стварылі невядомыя крэатыўшчыкі. Што белыя пальцы ўвасабляюць, сказаць цяжка. Але карыстальнікі сацсетак досыць хутка надалі яму свой сэнс, пафарбаваўшы іх у сіні колер.

Як там казаў Лукашэнка… «Я за прэзідэнцкую пасаду ссінелымі пальцамі не трымаюся». Сказаў — і працягвае трымацца. Трэці год у Беларусі чыняцца рэпрэсіі, здушваецца любое іншадумства, колькасць палітвязняў працягвае ўзрастаць… З краіны з’язджаюць людзі, прапаганда, захлынаючыся ад злосці, штодзень выкрывае «ворагаў»… І ўсё толькі дзеля аднаго — каб пальцы трымаліся за фатэль.

То добры сімвал атрымаўся з гэтага неспадзяванага арт-аб’екта. Застаецца спадзявацца, што за аўтарам яшчэ не выехалі на таніраваным «бусіку».