Трое гульцоў адмовіліся ад удзелу ў матчы пад эгідай БФФ да 110-годдзя беларускага футбола
З-за таго, што паядынак 5 чэрвеня на стадыёне «Дынама» ў Мінску ладзіць Беларуская федэрацыя футбола, якая цалкам падтрымлівае Лукашэнку, ад удзелу пачалі адмаўляцца асобныя знакамітыя гульцы.
Былы брамнік зборнай Беларусі Генадзь Туміловіч
адмовіўся ад удзелу ў матчы, прымеркаваным да 110-годдзя беларускага футболу,
стаўшы трэцім гульцом, хто афіцыйна заявіў пра адмову, паведамляе Tribuna.com.
Беларуская федэрацыя футбола плануе сабраць «зорак»
беларускага і еўрапейскага футбола на стадыёне «Дынама» 5 чэрвеня. Адначасова
гэты паядынак плануецца як развітальны для «зоркі» беларускага футбола,
пераможцы Лігі чэмпіёнаў у складзе «Барселоны» Аляксандра Глеба, які актыўную
кар’еру скончыў яшчэ ў пачатку 2020 года, аднак развітальны матч не правёў.
Але на шляху арганізацыі паядынка ўжо паўсталі цяжкасці, піша «Свабода». У прыватнасці, пра сваю адмову ад удзелу ў матчы заявілі колішні лідар зборнай
Чэхіі і былы партнёр Глеба ў лонданскім «Арсенале» Томаш Расіцкі. Таксама
выйшаў з ліку ўдзельнікаў былы цэнтральны абаронца зборнай Беларусі Сяргей
Штанюк.
Штанюк 24 мая паведаміў, што спярша пагадзіўся выйсці
на поле, аднак затым «усвядоміў, хто ладзіць матч», і тады адмовіўся ад
удзелу.
«Аб’ектыўна, да мяне дайшло, што ў цяперашняй сітуацыі ў
краіне рабіць такое... Гэта пазіцыя любога нармальнага чалавека. Якія зараз
гульні?» — сказаў Штанюк.
Цяпер адмовіўся гуляць у матчы і Генадзь Туміловіч.
«Галоўнае пытанне — да чаго і дзеля чаго наогул робіцца
гэты матч? Я не ўяўляю, што можа адбыцца святкаванне чагосьці. 110-годдзя
беларускага футбола? Якога футбола? Якога няма? Няхай святкуюць Дзень
беларускай арміі, колькі-небудзь-годдзе АМАПа ці Узброеных сіл. Вось гэтыя
святы ў цяперашняй Беларусі "пракацяць". Гэтыя святы наогул можна праводзіць
хоць штодня», — заявіў Туміловіч.
На яго думку, падчас пандэміі «ўсе ўбачылі, што такое беларускі
футбол». Акрамя «пазываў на ваніты», на думку брамніка, той футбол нічога не выклікаў.
«І гэта не маё меркаванне, а тых, хто прымудрыўся купіць
гэтыя супертрансляцыі чэмпіянату Беларусі. І ў Расіі, і ў іншых краінах».
Таксама Генадзь Туміловіч не ўпэўнены, што ўладам наогул
удасца правесці матч, паколькі часта «не ведаеш, што будзе заўтра», а спорт
«адышоў нават не на другі план — ён цяпер вельмі далёка». Ён таксама лічыць,
што чалавечага стаўлення ўлады да людзей не было ўсе 26 гадоў, што Лукашэнка
кіруе Беларуссю.
«На дзесяць дзён прагноз даваць? У гэтай сітуацыі, што
перажывае Беларусь, Настрадамус бы павесіўся», — сказаў Туміловіч.
Удзел у матчы прымуць былыя паўабаронцы зборнай Аляксандар
Хацкевіч і Максім Рамашчанка. Апошні зараз жыве ў Маскве, у адказ на пытанне
журналістаў пра стаўленне да падзей у Беларусі, ён адказаў, што яго яны не
цікавяць.
Федэрацыя футбола Беларусі, якую ўзначальвае Уладзімір
Базанаў, пасля выбараў 9 жніўня падтрымала Лукашэнку і яго дзеянні. У маі за ігнараванне дзяржаўнага гімну яна аштрафавала заўзятараў мінскіх
«Крумкачоў». Аднак учынкі гульцоў супраць палітыкі ўлад не спыніліся — 24 мая падчас выканання гімну ад чырвона-зялёнага сцяга адвярнулася
футбалістка брэсцкага «Дынама» Вікторыя Сідарчук.
Згодна з дакументамі Беларускай федэрацыі футбола, сусветна
вядомая цяпер гульня прыйшла на беларускія тэрыторыі на пачатку ХХ стагоддзя,
а першы афіцыйна зафіксаваны ў пісьмовых крыніцах матч прайшоў у 1911 годзе ў
Гомелі. Пра яго напісала газета «Гомельская копейка». Праўда, ветэран
гомельскага футбола Усевалад Кубліцкі называў пунктам адліку 1910 год, але
футбольныя гісторыкі не змаглі знайсці ніякага дакументальнага пацверджання
яго словам.
Аднак пытанне пачатку беларускага футбола нельга лічыць
закрытым, як нельга лічыць абсалютнай ісцінай дакументы федэрацыі. У кнізе
гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага «Ад гоманаўцаў да гайсакоў» ёсць згадка пра
віленскую беларускую футбольную каманду. Яе ў 1910 годзе заснаваў выкладчык
Віленскай прыватнай мужчынскай гімназіі Іван Краскоўскі. Гэтая каманда
ўдзельнічала ў гарадскіх спаборніцтвах. Пазней Краскоўскі заснаваў каманду ў
Дзвінску. Тая дружына спаборнічала з латышскімі камандамі.