Тры міліцыянты і два ідэолагі: хто і як знайшоў экстрэмізм у кнігах «Беларускі Данбас» і «Беларуская нацыянальная ідэя»

Еўрарадыё атрымала копію заключэння экспертнай камісіі, якая знайшла экстрэмізм у кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя». Дакумент складзены 4 сакавіка. Кнігу абмяркоўвалі восем экспертаў, трое з якіх — міліцыянты, а яшчэ двое маюць дачыненне да ідэалагічнага ўпраўлення Мінаблвыканкама.

dfdfdfdfdfd.jpg

Высновы, да якіх прыйшла камісія, займаюць адзін абзац. Там проста гаворыцца, што ў кнізе «ўстаноўлена наяўнасць прыкмет праявы экстрэмізму». Далей пазначаны непасрэдна прыкметы, якія пералічваюцца ў беларускіх законах. Усе яны адносяцца да тэкстаў пра беларускую нацыянальную ідэю ці нейкія канкрэтныя — незразумела.

Еўрарадыё звязалася з трыма з васьмі ўдзельнікаў экспертнай камісіі, якая рыхтавала заключэнне. Адна з іх адмовілася ад каментароў. А яшчэ двое распавялі нам, як шукалі экстрэмізм у «Беларускай нацыянальнай ідэі».


Эксперты па экстрэмізме

У камісіі мы знайшлі траіх супрацоўнікаў УУС Мінаблвыканкама: палкоўнік міліцыі Мікалай Максімовіч, першы намеснік начальніка Віталь Казлоў, начальнік крыміналістычнага аддзела Максім Цупа. Таксама там двое ідэолагаў з Мінаблвыканкама — Вольга Топдэмір і Ніна Грамузава. Першая да гэтага часу працуе ў ідэалагічным упраўленні, а другая, падобна, звольнілася або перавялася, хоць раней згадвалася як супрацоўніца аддзела па працы са СМІ. Цяпер, мяркуючы па сайце выканкама, у аддзеле застаўся адзін супрацоўнік з чатырох, астатнія тры месцы вакантныя.

Акрамя іх, у камісіі экс-дырэктар радыёстанцыі «Мінская хваля» Тамара Вяцкая, выкладчык БДМУ Аляксей Кацічаў і кіраўніца «Цэнтра глабалізацыі, інтэграцыі і сацыякультурнага супрацоўніцтва» ў Інстытуце філасофіі НАН РБ Наталля Кутузава.

 З васьмі ўдзельнікаў камісіі адзін галасаваў супраць.

Менавіта Наталля Кутузава — адзіная са складу камісіі, хто не ўбачыў экстрэмізму ў кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя».

— Пры мне гэтыя [экстрэмісцкія. — Еўрарадыё] прыкметы агучаныя не былі, і я галасавала, зыходзячы з уласнага разумення зместу гэтай кнігі. Прыкметы [экстрэмізму. — Еўрарадыё] не былі сфармуляваны на пасяджэнні камісіі, — тлумачыць нам.

Тамара Вяцкая кажа, што аб тым, якія прыкметы экстрэмізму змяшчае ў сабе кніга «Беларуская нацыянальная ідэя», ёй казаць не рэкамендавалі. Але асабіста ёй кніга не падабаецца.

— Усе мае сваякі жывуць на Украіне [так і сказала. — Еўрарадыё], і я гэтую сітуацыю ведаю знутры, і яна вельмі неадназначная. І я не разумею, навошта такая кніга патрэбная. Я не знайшла адказу ў гэтай кнізе, навошта яна напісана. Яна разбуральная, яна жорсткая. Зноў жа, я жанчына, і, можа, мужчынам гэта ўсё падабаецца, але мне гэта не падабаецца. Адкажу на гэта так: нам, праваслаўным, можна ўсё, але не ўсё карысна. Гэтая кніга не карысная.

На абмеркаванне 600-старонкавага выдання эксперты збіраліся адзін раз.

— Проста сябры камісіі прагаласавалі, і ўсё, — працягвае Наталля Кутузава.

Метад экспертызы, указаны ў заключэнні камісіі, — «візуальнае даследаванне». Ствараецца ўражанне, што эксперты проста паглядзелі на вокладку кнігі. Але гэта не так. Тамара Вяцкая распавядае, што ўсё ж азнаёмілася са зместам.

— Не, [чытала кнігу. — Еўрарадыё] не ўсю. Я яе чытала «па дыяганалі». Дачытвала яе ў інтэрнэце, — дадае экспертка.

Цікава, што ў вольным доступе тэксту кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» няма. Яе можна хіба што купіць.

Суаўтар "Беларускай нацыянальнай ідэі" Зміцер Лукашук

Суаўтар "Беларускай нацыянальнай ідэі" Зміцер Лукашук

— Звычайна кнігі проста праглядаюць. Я ведаю, што кнігу глядзелі, пры мне яе бралі ў рукі, перагортвалі. Аб тым, наколькі ўважліва чыталі, я не магу сказаць. Звычайна на пасяджэнні кожны бярэ кнігу і глядзіць, выказвае сваё меркаванне — ці ёсць там нейкія прыкметы, ці няма, — распавядае Наталля Кутузава. — Улічваючы, што там размешчаны інтэрв'ю досыць вядомых людзей, чыя пазіцыя мне вядомая па іншых іх публікацыях, асабіста ў мяне гэта заняло вельмі шмат часу.


Высновы — як пад капірку

Яшчэ адна кніга, у якой эксперты нядаўна знайшлі прыкметы праявы экстрэмізму, — «Беларускі Данбас» журналістаў Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай. Камісіі збіраліся ў розным складзе: на абмеркаванні кнігі аб удзеле беларусаў у супрацьстаянні на паўднёвым усходзе Украіны Наталлю Кутузаву замяніў дырэктар комплексу «Хатынь» Артур Зельскі. А вось высновы, да якіх прыйшлі камісіі, слова ў слова паўтараюць адна адну.

Пералік знойдзеных у кнігах «прыкмет праявы экстрэмізму» займае амаль восем радкоў. Гэта кампіляцыя з некалькіх артыкулаў Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў.

screenshot1_24.png

Пра тое, што камісія не асабліва ўдумваецца ў тэкст, а проста капіруе яго з заключэння ў заключэнне, сведчыць фармулёўка «і (або)» ў канцы пералічэння. Калі б кнігі рэальна вывучаліся на прадмет экстрэмізму, эксперты павінны былі б прыйсці да канкрэтнай высновы: «інструкцыі па выбуховай справе» можна «выкарыстоўваць у планаванні і здзяйсненні тэрарыстычных актаў шляхам падрыву» грамадзянскіх або ваенных аб'ектаў ці ўсё ж такі грамадзянскіх і ваенных аб'ектаў? Тут жа канкрэтнай фармулёўкі няма — толькі агульная.

Тым не менш у красавіку на падставе гэтай высновы ў Мінску судзілі жыхара Мінскага раёна Ягора Старавойтава, у якога кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя» знайшлі дома падчас ператрусу. Але 7 траўня — справу спынілі — скончыўся час, адведзены на прыцягненне да адміністрацыйнага спагнання.