Турцыя зменіць правілы ўезду для беларусаў
Беларусам, што прыбываюць у Турцыю, неабходна будзе прад’яўляць сертыфікат, які пацвярджае адмоўны вынік ПЦР-тэсту на COVID-19, выдадзены не раней 72 гадзін да прыбыцця. Па вяртанні ў краіну давядзецца прайсці 10-дзённую самаізаляцыю.
Новаўвядзенні ўступяць у сілу з 21:00 аўторка, 29 снежня. Новыя правілы будуць тычыцца ўсіх турыстаў, якія прыбываюць у краіну. У выпадку адсутнасці адмоўнага тэсту, людзям будуць адмаўляць ва ўездзе ў краіну, паведамляе Беларускі партызан.
Паводле інфармацыі турэцкіх СМІ, новыя правілы будуць дзейнічаць як мінімум да 1 сакавіка 2021 года, звязаныя яны з распаўсюджваннем новага, больш заразнага штаму каронавіруса.
Раней, нагадаем, правілы ўезду для расійцаў змяніла Беларусь. Грамадзяне РФ, якія прыбываюць у нашу краіну паветраным транспартам, з 21 снежня павінны мець пры сабе даведку аб адмоўным тэсце на каронавірус. Дакумент правяраюць пры высадцы з самалёта ў Мінску, у выпадку неабходнасці выдаюць ліст з патрабаваннем самаізалявацца.