Турыстам у Беларусі прапануюць дыету і сафары
Беларускія санаторыі з ліпеня падымаюць кошты на пуцёўкі на 10—20 %. Навінкамі сезону будуць праграмы пахудзення для тоўстых людзей, а таксама сафары-туры.
Беларускія санаторыі з ліпеня падымаюць кошты на пуцёўкі на 10—20 %. Навінкамі сезону будуць праграмы пахудзення для тоўстых людзей, а таксама сафары-туры.
Цэны на пуцёўкі былі падвышаныя “па аб’ектыўных прычынах. Па старых коштах была рэалізаваная значная частка пуцёвак у санаторыі на летні сезон, паведаміў начальнік цэнтра па санаторна-курортнай рабоце “ЦэнтрКурорт Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі Алег Міхайлаў. Па словах Міхайлава, да прыёму турыстаў гатовыя беларускія санаторыі ў Літве і Латвіі. Аплачваць адпачынак можна ў валюце або ў беларускіх рублях па курсе 4 300 рублёў за долар. Чыноўнік мяркуе, што гэта “гуманны курс у параўнанні з турфірмамі, якія лічылі долар па курсе ад 5 000 да 6 000 рублёў за долар.
Упраўленню справамі прэзідэнта падпарадкоўваюцца чатыры санаторыі ў Беларусі: “Прыазёрны, “Сосны, “Баравое і “Юнацтва; санаторыі “Беларусь у Сочы, “Белая Русь у Туапсэ, “Беларусь у Крыму, “Беларусь у Юрмале і “Беларусь у Друскінінкаі.
Упраўленне справамі прэзідэнта кіруе і нацыянальнымі паркамі “Прыпяцкі, “Браслаўскія азёры, “Нарачанскі, “Белавежская пушча, Бярэзінскім біясферным запаведнікам, а рэспубліканскім гарналыжным цэнтрам “Сілічы.
Апошні прапануе турыстам 12-дзённую праграму для турыстаў з залішняй вагой. Падчас дыет-тура турыстаў чакае дыетычнае харчаванне, свежаадціснуты сок на сняданак і “сцежка здароўя з 727 прыступак, якія трэба праходзіць штодня па некалькі разоў. Таксама ў спісе паслуг -- лазневыя працэдуры, масаж, шакаладнае абкручванне, наведванне крыясаўны. Дазволіць сабе скідваць вагу змогуць забяспечаныя людзі.
Турыстам з добрай фізічнай формай прапануюцца сафары-туры ў нацыянальных парках Беларусі. Сафары-туры ўжо арганізуюцца ў нацыянальных парках Белавежская пушча і Прыпяцкі. Аналагічныя паслугі прапануюць і ў нацыянальных парках Браслаўскія азёры, Нарачанскі. Сафары прадугледжвае невялікую паездку, падчас якой турысты могуць азнаёміцца з жывёламі, якія жывуць на ахоўваемых тэрыторыях.