TUT.BY запусціў незвычайны праект падтрымкі партала
Медыяпартал TUT.BY запусціў незвычайную акцыю для сваёй падтрымкі. Адначасова можна падтрымаць і сацыяльныя праекты.
«Чытачы часта пытаюцца нас, як падтрымаць TUT.BY. Не сакрэт, што мы працуем дзякуючы рэкламадаўцам — за кошт даходаў ад продажу рэкламы. Падтрымаць нас, купіўшы рэкламу, можа не толькі бізнес, але і чытач. Вы можаце стаць рэкламадаўцам, аплаціўшы частку рэкламнай кампаніі на партале на карысць сацыяльна-актыўнага бізнесу», — гаворыцца ў абвестцы партала.
Сутнасць праекта ў тым, што на працягу 30 дзён (да 16 красавіка) кожны, хто жадае падтрымаць TUT.BY, можа паўдзельнічаць у стварэнні рэкламнага праекта на карысць кампаній, якія працуюць з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.
На сайце можна выбраць кампанію-ўдзельніцу праекта, выбраць любую суму для аплаты, а на сабраныя за месяц сродкі TUT.BY рэалізуе рэкламную кампанію для арганізацыі. Набыць такую рэкламу могуць толькі фізічныя асобы — рэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
«Калі вы хочаце падтрымаць TUT.BY, але не можаце зрабіць гэта проста цяпер — пакіньце свой e-mail і назавіце дату, калі такая магчымасць з’явіцца. У выбраны дзень на вашу пошту прыйдзе напамін», — зазначаюць у кампаніі.
Справаздачу аб правядзенні рэкламнай кампаніі кожны чалавек, які прыняў удзел у праекце, атрымае на свой электронны адрас.
«Купля рэкламы на TUT.BY дае магчымасць рэдакцыі працягваць працаваць і асвятляць жыццёва важную для грамадства інфармацыю. Дзякуй усім, хто прыме ўдзел у праекце!» — піша партал.