У ААН назвалі «непрымальным» выкананне смяротных прысудаў у Беларусі
Камітэт ААН па правах чалавека назваў непрымальным прывядзенне ў выкананне ў Беларусі смяротных прысудаў у дачыненні да Аляксея Міхалені, Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, нягледзячы на вынесеныя прадпісанні аб часовых мерах іх абароны.
Раней гэтыя трое асуджаных накіравалі скаргі ў КПЧ ААН. Эксперты камітэта паведамілі пра гэта Мінску і папрасілі часова прыпыніць выкананне пакарання.
«Беларусь ужо не ў першы раз парушае працэдуры камітэта і не выконвае яго загады аб часовых мерах абароны, і гэта абсалютна непрымальна», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
У камітэце мяркуюць, што ігнаруючы просьбу аб часовых мерах, Беларусь парушыла свае абавязальніцтвы ў рамках Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, да якога краіна далучылася ў 1992 годзе.
Па дадзеных СМІ, Міхаленя, прызнаны вінаватым у забойстве двух сталых людзей, быў пакараны смерцю прыблізна 15 мая гэтага года. Беражны і Гершанкоў, якія праходзілі па справе «чорных рыэлтараў», былі расстраляныя прыблізна 19 лістапада 2018 года.
«Нягледзячы на ўвесь цяжар здзейсненых імі злачынстваў, гэтыя асуджаныя валодаюць неад’емным правам на жыццё», — прыводзяцца ў паведамленні словы спецдакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. Яна нагадала, што беларускія ўлады не паведамляюць сваякам асуджаных пра час і абставіны іх кары i не выдаюць цела для пахавання. Гэта, на думку эксперта, прыводзіць да неапраўданых пакутаў іх блізкіх.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на прасторы СНД, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне, якая ў адпаведнасці з Канстытуцыяй прымяняецца як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы. Прысуд суда прыводзіцца ў выкананне праз расстрэл.
Смяротнае пакаранне ў рэспубліцы асуджаюць ЕС, АБСЕ і шэраг міжнародных арганізацый.
З 2010 года ў Беларусі пакаралі смерцю 13 чалавек, чые скаргі знаходзіліся на разглядзе Камітэта па правах чалавека.
Паводле interfax.by