У адносінах да расіянкі, якая пажартавала пра выбухоўку ў багажы, распачалі крымінальную справу

Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску распачата крымінальная справа па артыкуле «Заведама хлуслівае паведамленне пра небяспеку» ў дачыненні да грамадзянкі Расіі. Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.

aeroport_mminsk.jpg

«7 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск», знаходзячыся ў зоне перадпалётнага нагляду аднаго з сектараў, жанчына заявіла аб наяўнасці ў яе выбуховых рэчываў. А калі дакладней, сказала прыкладна наступнае: «Тратыл там», — і паказала на сваю ручную паклажу. У цяперашні час жанчына затрыманая, з ёй працуюць следчыя. Аб далейшых працэсуальных рашэннях паведамім», — цытуе Ганчарову БелаПАН.

 

Яна лічыць дзеянні супрацоўнікаў аэрапорта апраўданымі і адпаведнымі захадам бяспекі, што прымяняюцца ў Беларусі, якія закліканы «забяспечваць арганізацыйныя асновы грамадскага спакою людзей, захаванне іх жыцця і здароўя і падтрыманне нармальнага функцыянавання транспарту».

 

Ганчарова таксама паведаміла, што ў мінулым годзе па 340-м артыкуле КК (заведама хлуслівае паведамленне пра небяспеку) Следчым камітэтам была ўзбуджаная 44 крымінальныя справы.

 

Нагадаем, юрыст грамадскага ЛГБТ-руху «Аверс» з Самары (Расія) Марыя Рымар была затрыманая ў мінскім аэрапорце ў чацвер. Яна ляцела з Кіева ў Маскву транзітам праз Беларусь.

 

Прадстаўнікі міліцыі паведамілі СМІ, што расіянка няўдала пажартавала з інспектарам службы грамадскай бяспекі ў пункце дагляду перад пасадкай на рэйс, заявіўшы пра тое, што ў яе з сабой выбуховае рэчыва, пасля чаго была затрыманая.

 

У цяперашні час расійская актывістка знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Мінску. Вядома, што 8 ліпеня з ёй павінен сустрэцца адвакат Вадзім Мушынскі.