У Аўстраліі заўзеюць за ФК «Слуцк» і збіраюць для яго грошы

У Аўстраліі з'явілася група заўзятараў беларускага футбольнага клуба "Слуцк". Чэмпіянат у нашай краіне не прыпынены і заўзятары з усяго свету глядзяць яго матчы. Пра гэта піша Еўрарадыё

Футбольны матч на слуцкім стадыёне і банер на двух мовах / sfc-slutsk.by

Футбольны матч на слуцкім стадыёне і банер на двух мовах / sfc-slutsk.by

«Слуцк» апынуўся ў цяжкім фінансавым становішчы пасля арышту дырэктара цукровага камбіната, які быў галоўным спонсарам. Як паведамляе sb.by, дамовы з прадпрыемствам у клуба няма, рахункі пустыя. У пачатку красавіка было абвешчана пра пачатак краўдфандынгу, да ўдзелу ў якім заклікалі заўзятараў з усяго свету. І яны пачалі адгукацца!
Аўстралійскія фанаты сабралі для клуба ўжо 2,5 тысячы долараў. Праўда, да Беларусі яны яшчэ не дайшлі. Перад пачаткам нядаўняй гульні з «Віцебскам» загучаў новы гімн каманды «We love our Slutsk», аўтарам якога з'яўляецца амерыканскі фанат «Слуцка». З-за акіяну беларусам падказалі вывесіць двухмоўны банер на стадыёне, што яны і зрабілі. А яшчэ блогер Яўген Савін («КраСава»), які трапіў у самаізаляцыю ў вёсцы пад Слуцкам (адтуль паходзіць яго жонка), дапамог арганізаваць чарговы крэатыўны крок — расійскі трэнер Леанід Слуцкі запісаў відэа, на якім... даваў устаноўку гульцам беларускай каманды.


У ФК «Слуцк» кажуць, што невялікія аўстралійскія грошы каманду не выратуюць, але ім «прыемна імкненне хлопцаў дапамагчы клубу». Толькі абяцаную атрыбутыку ў Аўстралію адправіць не могуць — паштовыя аддзяленні закрытыя.