У Бярозе блогера пакаралі штрафам за тое, што не выдаліў відэаролік з інтэрнэту

За невыкананне рашэння эканамічнага суда Брэсцкай вобласці блогер Аляксандр Кабанаў мусіць сплаціць штраф памерам 20 базавых велічынь (510 рублёў).

kabanov2.jpg

Такую пастанову прыняла 11 лютага суддзя Бярозаўскага раёна Алена Нямкова ў дачыненні да Кабанава паводле складзенай на яго адміністрацыйнай справы (ч. 3 арт. 24.10 КаАП).
Нагадаем, што 14 верасня 2018 года суддзя эканамічнага суда Брэсцкай вобласці Канстанцін Нікіцін абавязаў блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна абвергнуць свае выказванні, што прагучалі ў відэароліку “Свінец – Брэсту пісец”, а таксама выдаліць сам ролік з YouTube.
Відэаролік быў прысвечаны будаўніцтву акумулятарнага завода каля Брэста і выклікаў негатыўныю рэакцыю ў адміністрацыі прадпрыемства “АйПауэр”, якое з’яўляецца ініцыятарам будоўлі. Кіраўніцтва “Ай Пауэр” звярнулася ў суд, каб прыцягнуць блогераў да адказнасці.
Яшчэ падчас першага судовага пасяджэння ў Бярозе Аляксандр Кабанаў спрабаваў давесці, што выканаць рашэнне эканамічнага суда Брэсцкай вобласці ён тэхнічна не можа, бо ролік распаўсюджаны па розных сайтах, да якіх блогер не мае дачынення.
Калі ў судзе заяўляюць, што любое рашэнне суда абавязковае да выканання грамадзянінам, тады пазбаўляйце мяне грамадзянства. Бо мне няма за што выбачацца і немагчыма выдаліць ролік, да якога я зараз не маю дачынення”, – пракаментаваў судовую пастанову Аляксандр Кабанаў.
Паводле baj.by