У Брэсце пададзена заяўка на правядзенне першамайскай дэманстрацыі і мітынгу ў цэнтры горада

Адна з мэтаў мерапрыемства — адзначыць дзяржаўнае свята Дзень Працы, паведамляе прэс-служба аргкамітэта.

Першамайская дэманстрацыя ў Брэсце, 2013 год.

Першамайская дэманстрацыя ў Брэсце, 2013 год.


Арганізатарамі масавага мерапрыемства выступілі лідары абласных арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб'яднанай грамадзянскай партыі і партыі БНФ Ігар Маслоўскі, Уладзімір Вуек і Дзмітрый Шыманскі.
«1 мая для нас для нас — гэта дзень барацьбы працоўных за свае правы. Сёння як ніколі актуальныя сацыяльна-эканамічныя патрабаванні да ўладаў, як працоўных, так і тых, хто не мае працы. Таму адна з мэтаў мерапрыемства: абмеркаванне і выказванне грамадзянамі свайго стаўлення да бягучых праблемах эканамічнага жыцця Беларусі. Увядзенне Дэкрэта №3, павышэнне пенсіённага ўзросту, пазбаўленне сацыяльнага працоўнага стажу, камерцыялізацыя аховы здароўя і адукацыі — гэтыя і іншыя праблемы стануць прадметам абмеркавання і выказвання пратэсту на шэсці і мітынгу», — каментуе сітуацыю старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП, кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі.
«Мы зараз фармуем арганізацыйны камітэт па правядзенні масавага мерапрыемства. Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца яго да падрыхтоўкі. Спадзяемся, што да 1 траўня ў нас будуць адказы па рэзалюцыях мітынгу на Дзень Волі, з якімі мы маем намер азнаёміць удзельнікаў акцыі. Нагадаю, што 2 адказы мы павінны атрымаць ад гарадскіх уладаў — гэта тычыцца стварэння грамадскага Савета і павелічэння колькасці месцаў для правядзення пікетаў, мітынгаў, дэманстрацый у цэнтры горада. Дадзеныя пытанні мы таксама абмяркоўвалі пад час сустрэчы са старшынёй гарвыканкама Рагачуком А.С. і знайшлі агульную мову», — кажа старшыня абласной структуры ПБНФ Дзмітрый Шыманскі.
Па словах Маслоўскага, яны спадзяюцца атрымаць станоўчае рашэнне на сваю заяўку. «Берасцейцы ў адпаведнасці з заканадаўствам маюць права на выказванне пратэсту, на выказванне свайго меркавання», — дадае лідар брэсцкіх сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі.
Прадстаўнікі органаў улады таксама запрошаны для ўдзелу ў масавым мерапрыемстве.