У Брэсце забаранілі 15 мітынгаў на месцы для правядзення мітынгаў

Праціўнікі акумулятарнага заводу хацелі сабрацца, бо маюць звесткі, што iPower мае намер аднаўляць працу, паведамляе Радыё Свабода.

brest_2904.jpg

Брэсцкі райвыканкам забараніў правядзенне 15 мітынгаў супраць акумулятарнага заводу iPower, піша БелаПАН. Заяўнікі планавалі акцыі 1–15 сакавіка на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартовай школы «Прыбужжа».
У 2014 годзе гэты стадыён быў вызначаны ўладамі як «пастаяннае месца для правядзення мітынгаў» — рашэнне пра гэта апублікаванае на сайце райвыканкаму.
Як кажа праваабаронца Раман Кісляк, мітынгі праціўнікам акумулятарнага заводу там не дазвалялі і раней: забаранілі 29 акцыяў, «стваралі бачнасць рамонту». Цяпер жа стадыён нібыта проста выключылі са спісу, але калі зрабілі так, то таемна — новага рашэння пра спіс дазволеных месцаў не публікавалі ў адкрытых крыніцах, а на сайце выканкаму пакінулі рашэнне 2014 года.
Берасцейцам за ўвесь час процістаяння акумулятарнаму заводу дазволілі толькі адзін мітынг (29 красавіка 2018 года сабраліся каля дзвюх тысяч чалавек), а забаранілі 253 мітынгі, 12 пікетаў і 16 дэманстрацыяў. Берасцейцы, аднак, ужо два гады — ад 25 лютага 2018-га — збіраюцца кожнае нядзелі на цэнтральнай плошчы і «кормяць галубоў» на знак пратэсту супраць заводу.
svaboda.org