У Брэст прыехала калона аўтападарожнікаў
Мэта: удзел у афіцыйным «чырвона-зялёным» маршы і мітынгу ў Брэсцкай крэпасці.
![autapadabre._1_logo.jpg autapadabre._1_logo.jpg](/img/v1/images/autapadabre._1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На ўездзе ў горад было налічана некалькі сот аўто з чырвона-зялёнымі сцягамі, сцягамі “Белай Русі”, БРСМ і дэсантных войскаў.
![autapadabre._2_logo.jpg autapadabre._2_logo.jpg](/img/v1/images/autapadabre._2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэтым разам афіцыйныя “Забеларусы” абыйшліся без аўтобусаў. Відаць, улічылі адмоўную рэакцыю на відавочнае марнаванне агульнанародных сродкаў і пераселі на аўто. Мабыць, збольшага яны прыватныя, а калі не, то невідавочна. База дадзеных ёсць толькі ў ДАІ. ДАІ таксама суправаджала калону невідавочна: некалькі экіпажаў праехаліся па М1 як бы выпадкова. У часе праезду аўтакалоны не было і верталёта, як у жніўні, калі той добрую гадзіну вазіў чырвона-зялёны сцяг над горадам. Але напэўна колькасць паліва на гэтыя сотні аўто, якія ехалі ад сталіцы, сумарна шматкроць перавысіла рэсурсы, спаленыя верталётам.
![autapadabremarki.3_logo.jpg autapadabremarki.3_logo.jpg](/img/v1/images/autapadabremarki.3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Быў заўважаны матацыкліст у бел-чырвана-белай фірмовай байкерскай амуніцыі фірмы “Ямаха”, якую ён кампенсаваў чырвоным сцягам СССР з серпам і молатам.
![autapadabremarki.9_logo.jpg autapadabremarki.9_logo.jpg](/img/v1/images/autapadabremarki.9_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адзін з “мерседэсаў” вёз сцяг дывізіі імя Кутузава і сцяг НОД – “Национально-освободительного движения”, расійскай протафашысцкай арганізацыі. Адно аўто везла расійскі трыкалор.
![autapadabremarki.10_logo.png autapadabremarki.10_logo.png](/img/v1/images/autapadabremarki.10_logo.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![autapadabremarki.13_logo.jpg autapadabremarki.13_logo.jpg](/img/v1/images/autapadabremarki.13_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Удзельнікі прабегу не далі фармальнай падставы назваць іх “ябацькамі”, як іх ахрысцілі іх апаненты з-за няўдалага слогана “Я # бацька”, – ніводнага лозунгу за Лукашэнку не было. Але адчувалася, што іхняя дэманстрацыя колькасці гэта адлуп Захаду і санкцыям Еўразвязу, аб’яўленым Беларусі з учорашняга дня. У такім выпадку няўдала яны выбралі аўто – амаль спрэс міма мяне праязджалі шыкоўныя “Мерседэсы” апошніх лінеек, “Аўдзі”, “БМВ”, нятанныя “Фольксвагены”. Пад сцягам “Белай Русі” пракаціўся “Рэно меган”, БРСМаўка руліла “Фіатам-лупо”.
![autapadabremarki.11_logo.jpg autapadabremarki.11_logo.jpg](/img/v1/images/autapadabremarki.11_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Толькі адно аўто-дабітак не пасавала ў заможную калону – старэнькі Форд, фыркаючы і равучы дзіравым “глушаком”, ледва правёз сцяг паветрана-дэсантных войскаў. І яшчэ адзін “Джылі” праехаў паперадзе калоны – нехта са “служывых” правяраў гатоўнасць трасы да праездкі.
![autapadabremarki.12_logo.jpg autapadabremarki.12_logo.jpg](/img/v1/images/autapadabremarki.12_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Калону ніхто не сустракаў на ўездзе. Але знакі былі – бел-чырвана-белы ўказальнік гандлёвага цэнтру “Экватар”, беларускамоўныя шыльда МАРЦІН ды біл-борд “1000-гадовы Брэст шчыра вітае вас!” і знак “V”, ненаўмысна пакінуты на небе двума самалётамі.
![autapadabremarki.14_logo.jpg autapadabremarki.14_logo.jpg](/img/v1/images/autapadabremarki.14_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Далей каля стэлы з надпісам “Брэст” дзяжурылі два бусы з таніраванымі шыбамі, знаёмыя па масавых акцыях ў Берасці.Напэўна, і іх пасажырам мусяць заплаціць “звышурочныя” ды “выходныя”, і сама праездка не абернецца ўдзельнікам у мінус. І гэта ў той час, калі медсёстры ў брэсцкіх бальніцах купляюць на свае грошы паперу для ксэраксаў, а ў школах там-сям да гэтага часу няма класных журналаў.