Марш вызвалення палітвязняў у Берасці: іншая стратэгія, больш працы міліцыі і АМАПу
У нядзелю 4-га кастрычніка маніфестанты не маніфеставалі бесперапынна, каб не даваць падставы для затрыманняў. Яны збіраліся у розных месцах цэнтра горада і праводзілі кароткія серыі апладысментаў, воклічаў або дэманстрацыі сцягоў.
Берасцейскі марш пачаўся бліжэй да 15-й. Ля Калгаснага рынку каля двухсот чалавек прайшлі кампактна, прыпыняючы рух і апладуючы. Некаторыя з пажылых жанчын, якія прадавалі грыбы ды гародніну, выказвалі незадаволенасць, якая каранілася хутчэй за ўсё ў тым, што дэманстранты адхілялі ўвагу кліентаў. Іншыя ім пярэчылі, маўляў, маладыя маюць права голасу і хочуць жыць у свабодзе.
Пратэстоўцы ля Калгаснага рынка
Пад’ехалі экіпаж ДАІ і бус з “касманаўтамі”. Затрымалі маладзёна ў цішотцы з “Пагоняй”. Тым часам некансалідаваныя пахаджане былі ўжо каля кінатэатра “Беларусь”, які ператварыўся для начальніка аддзела грамадскай бяспекі Ленінскага РАУС падпалкоўніка Самасюка і яго намесніка ў свайго роду штаб. Адтуль яны накіроўвалі шматлікіх міліцыянтаў на блок-пастах і ў дварах цэнтра горада, “ціхушнікаў” і мабільныя групы АМАПу.
Ахоўнік кінатэатра, мабыць дзеля сітуацыі, калі хтосьці з пратэстуючых забяжыць у будынак, меў свісток. Але да яго гонару, ні разу ў яго не засвістаў.
Пляц Леніна быў агароджаны жалезнымі бар’ерамі, міліцыянты прапускалі толькі паасобных пешаходаў. Асабліва ахоўвалі “сілавікі” скрыжаванне бульвара Касманаўтаў (сапраўдных) і праспекта Машэрава. Побач на відным месцы прыпаркавалі міліцэйскі МАЗ-эвакуатар аўтамабіляў.
Блок-пост з эвакуатарам
Заблакаваны пляц Леніна
Пратэстоўцы сышлі ад натаптанага міліцыянтамі пляцу пры кінатэатры “Беларусь” і згуртаваліся каля вулічнага музыкі. Падцягнуўся Аляксей Голікаў, які пазіцыянуе сябе як “антыблогер”, але падобны яшчэ і да міліцэйскага канфідэнта. Пасля яго “стрыму” АМАП забраў некалькі чалавек, сярод іх грамадзянскага актывіста са стажам Ігара Бараноўскага. Былі затрыманыя таксама абазначаныя ва ўстаноўленым парадку журналісты сеціўнага часопіса “Бінокль” і “Брестской газеты”. Іх амаль адразу адпусцілі.
Аляксей Голікаў шчыруе
Вулічны канцэрт
Бліжэй да вечара АМАПу давялося ў спешным парадку мяняць дыслакацыю — пратэстоўцы абазначыліся на Набярэжнай імя Скарыны. Але там разабрацца, хто пратэстуе, а хто адпачывае ці збіраецца паплысці на цеплаходзе “Гродна”, было відавочна цяжка. “Касманаўты” нават не пакідалі бусы.
Каля паловы на сёмую вечара Марш вызвалення палітзняволеных у Берасці закончыўся разгортваннем бел-чырвона-белых сцягоў на адным з мікрапляцаў цэнтра.