«У Чачні няма ніякай вайны». Польшча патлумачыла, чаму не прапускае чачэнскіх мігрантаў
Польшча не будзе паддавацца ціску тых, хто хоча прывесці краіну да міграцыйнага крызісу, паведаміў у эфіры тэлеканала TVN24 міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Блашчак.
Так палітык пракаментаваў нядаўнія падзеі блізу пункта пропуску «Брэст» на беларуска-польскай мяжы, дзе каля 200 мігрантаў з Чачні, незадаволеныя тым, як польскі бок разглядае іх заяўкі на атрыманне статусу бежанцаў, арганізавалі пратэстны лагер.
«Наша палітыка зусім іншая. Польская мяжа зачынена. У Чачні няма ніякай вайны, у адрозненне ад мінулых гадоў, — падкрэсліў Марыюш Блашчак, — Гэта, па маім асабістым меркаванні, спроба стварыць новы маршрут міграцыі, прыток мусульман у Еўропу. Мы выступаем за тое, каб дапамагчы пацярпелым. Мы дапамагаем тым, хто пакідае краіны, у якіх вайна і аказваем фінансавую падтрымку і дапамогу бежанцам у лагерах».
Палітык таксама нагадаў, што некалькі гадоў таму, калі была вайна ў Чачні, Польшча прымала бежанцаў.
Нагадаем, у панядзелак, 29 жніўня, каля 10.00, каля пункта пропуску «Брэст» пачаў расці стыхійны лагер. Яго насельнікі — уцекачы з Чачні, якія неаднаразова перасякалі на цягніку беларуска-польскую мяжу для атрымання статусу бежанцаў. Па словах прадстаўнікоў чачэнскай дыяспары, з некалькіх сотняў прэтэндэнтаў у чыгуначным пункце пропуску ў Тэрэспалі штодня прымаюць хадайніцтвы ад 2-3 сем'яў, а астатніх адпраўляюць назад у Брэст на наступным цягніку. У многіх тых, хто сабраўся сканчаюцца грошы на арэнду жылля ў Брэсце і на квіткі на цягнік, таму стыхійны лагер стаў «адчайнай спробай звярнуць увагу» грамадскасці на іх праблемы.
Як адзначыў брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк, чачэнцы, якія два дні жылі ў лагеры паблізу ад беларуска-польскай мяжы, вечарам 30 жніўня вярнуліся ў Брэст.
«Пакуль яны на месцы. Застаюцца тут, будуць спрабаваць перасекчы мяжу. Некаторыя думаюць нават тут падаць на статус бежанца. Назад для іх шляху няма», — пракаментаваў сітуацыю Раман Кісляк.
Паводле tut.by