У дачыненні да гродзенскага блогера Vadimati распачалі крымінальную справу па двух артыкулах

У дачыненні да гродзенскага блогера Vadimati распачалі крымінальную справу паводле двух артыкулаў: «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Абвінавачанне гродзенцу пакуль не прад'явілі.

vadim_ermashuk.jpg


Абразай палічылі дзве фразы. Па арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі, па арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў» — да трох гадоў.
Вадзім Ермашук (Vadimati) цяпер знаходзіцца ў ІЧУ ў Шчучыне, дзе адбывае адміністрацыйны арышт. Ён быў затрыманы 16 жніўня ў раённым цэнтры, куды паехаў здымаць гумарыстычны ролік для свайго Instagram.
Вадзім Ермашук — вядомы гродзенскі блогер. На яго Instagram падпісаныя больш за 45 тыс.чалавек. У кастрычніку мінулага года мужчыну судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое праходзіла ў жніўні. Тады ён быў прызнаны вінаватым па ч. 1 арт. 23. 34 КаАП РБ і аштрафаваны на 20 базавых велічынь. 16 жніўня гэтага года яго зноў затрымалі, а 19 жніўня прысудзілі да 25 сутак адміністрацыйнага арышту па арт.24. 23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»).
9 верасня яго асудзілі яшчэ на 15 сутак за нібыта званок у службу "115" 13 жніўня гэтага года і нецэнзурныя выказванні ў адрас ЖКГ і гарвыканкама.