«У фашыстаў былі газавыя камеры, у нас кавідныя»
Людзі, якія вяртаюцца пасля адсідкі, масава хварэюць на каронавірус. Адміністрацыя турмаў не робіць ніякіх захадаў засцярогі — у Баранавічах у перадачах для зняволеных нават не прымаюць маскі. Свабода паразмаўляла з людзьмі, якія захварэлі на кавід.
У Баранавічах у перадачах не прымаюць маскі
Журналіст Арцём Лява вызваліўся ў панядзелак з Баранавіцкага ізалятара часовага ўтрымання пасля 15 сутак арышту. Адчувае сябе дрэнна.
За 15 сутак ён прайшоў тры ізалятары: жодзінскі, акрэсцінскі і баранавіцкі. Перавозілі арыштантаў у аўтазаках, як «селядцоў у бочцы», кажа ён.
«З Жодзіна на Акрэсціна везлі ў аўтазаку з адсекамі. Я быў у бакавой клетцы на двух чалавек, а нас па трое запіхвалі. Духата, замкнёная прастора, няма чым дыхаць. У Жодзіне ў камеры ўдвая больш людзей, чым нараў. У Баранавічах у камеры-размеркавальніку на 10 чалавек нас было чалавек 100.
Умовы ў Баранавічах жудасныя — стары будынак савецкіх часоў, звараныя з крывых вугалкоў і пласцін жалезныя нары, вільгаць. Вады гарачай не было, падлога бетонная. У душ адвялі адзін раз за 15 сутак. Паўпадвальнае памяшканне, акно на ўзроўні зямлі.
Якая была маска на чалавеку, калі яго забралі, з той і хадзіў. У Мінску, дарэчы, маскі ў перадачах дазвалялі. А ў Баранавічах маці таксама спрабавала перадаць маскі — не прынялі», — кажа Лява.
«Турэмных дактароў трэба караць за халатнасць»
Праз пару дзён адзін з дзевяцёх сукамернікаў Арцёма захварэў, пачаў моцна кашляць, у яго рэзка знік нюх. Хлопцы даводзілі доктару, што прастуджаныя ўсе, але ў гэтага чалавека канкрэтныя сімптомы кавіду. Але доктар не прарэагаваў на скаргі.
«Доктар памераў тэмпэратуру, сказаў, што тут усе кашляюць. Удзень забаранялася ляжаць — матрацы згортваюцца, закідваюцца наверх — і сядзі на жалезных нарах, нават калі дрэнна сябе адчуваеш. Святло гарыць усю ноч — уявіце, як цяжка хвораму чалавеку.
На маю думку, турэмных дактароў трэба караць за халатнасць — яны проста ставяць пад пагрозу жыццё і здароўе вялікай колькасці арыштаваных. Ніякіх захадаў пры пандэміі не прадпрымалі наогул.
Наш доктар настолькі абыякавы і чэрствы! Прасілі ў яго дазволіць кіпеню болей, бо людзі сапраўды дрэнна сябе адчувалі — ён не дазволіў. Крымінальнікам, дарэчы, дазвалялі кіпяцільнікі, нам — не», — абураецца Лява.
Самымі чалавечнымі аказаліся «баландзёры» — людзі, якія разносілі ежу. Прычым яны крымінальнікі, усе ў татуіроўках. Калі «палітычныя» прасілі іх даліць больш гарбаты, бо людзі хварэюць, яны заўсёды давалі больш, узгадвае Арцём.
Сам ён хварэе ўжо чатыры дні. Спачатку быў кашаль, слабасць. У апошні дзень у ізалятары страціў нюх.
«Мыла дзягцярнае страшэнна смярдзіць, а я не адчуваю паху. Учора раніцай адмыслова нюхаў шампунь дзягцярны, а ў яго пах наогул жудасны — таксама «па нулях». Пах дэзынфэктара не адчуваю.
Цяпер разумею, што гэта сур’ёзная хвароба. Нібыта і дома ўжо начаваў, але пакутаваў, амаль не спаў. Баліць горла, цяжка дыхаць, кашаль забівае», — расказвае Лява.
Ён ужо запісаўся на тэст і на прыём да доктара ў сваёй паліклініцы. Калі расказаў, адкуль вярнуўся, у паліклініцы паставіліся з разуменнем. Адзіная была ўмова, каб сам прыйшоў на прыём, а не доктар да яго дадому.
Захварэлі ўсе музыкі гурту «Рэха», адзін у шпіталі
Музыкі гурту «Рэха», якіх затрымалі 7 лістапада ў поўным складзе пасля выступу на вуліцы Нёманскай у Мінску, таксама дрэнна чуюцца, расказаў лідар гурту Андрусь Такінданг.
«Спачатку ўсе чацьвёра музыкаў апынуліся ў адной камеры на Акрэсціна. Потым Кастуся Лісецкага і Лёню Паўлёнка адправілі ў Жодзіна, я ўсе 15 сутак адседзеў на Акрэсціна. Лёня захварэў, Кастусь наогул трапіў у шпіталь. Я таксама няважна сябе адчуваю, збіраюся здаць тэст на каронавірус», — расказаў Андрусь Такінданг.
Кастусь Лісецкі ўжо 10 дзён ляжыць у Магілёўскім абласным шпіталі з двухбаковай пнеўманіяй і кавідам. Падазрае, што падхапіў вірус у Жодзіне.
«У камеры было 10 чалавек, і ў многіх былі ўсе прыкметы кавіду: кашаль, людзі не адчувалі пах, а медычнай дапамогі наагул не было, у лепшым выпадку маглі даць таблеткі, якія перадавалі ў перадачах. Больш нічога», — кажа Кастусь пра жодзінскую турму.
Пасля шпіталя давядзецца даседжваць тэрмін
З Жодзіна Кастуся Лісецкага перавялі ў Магілёў. А там лекары яму трапіліся адказныя. Калі адчуў, што ў яго высокая тэмпэратура, паклікаў фельчара, той памераў і адразу ж выклікаў хуткую дапамогу.
«Праз гадзіну прыехала хуткая, тэмпература была 38,5. Паслухалі і адразу сказалі, што ў мяне дакладна пнеўманія. Забралі ў абласны шпіталь, які цяпер забіты пад завязку. 10 дзён таму ў маім аддзяленні было 37 чалавек, цяпер — 70.
Адразу прызначылі антыбіётыкі, гарманальны прэпарат. Зрабілі спачатку экспрэс-тэст, потым ПЦР — пацвердзіўся каронавірус. Кампутарнай тамаграфіі не рабілі, толькі здымак — яшчэ і пнеўманія.
Цяпер адчуваю сябе больш-менш нармальна. Але ў турме было вельмі дрэнна, я быў як тая гародніна: каб не выклікалі хуткую, не ведаю, што было б. У фашыстаў былі газавыя камеры, у нас кавідныя», — уздыхае Кастусь Лісецкі.
Ён кажа, што вельмі дапамагаюць валанцёры, а таксама мясцовая суполка ТБМ, прыносяць перадачы, кнігі.
Да панядзелка музыку дакладна будуць трымаць у шпіталі. А потым, хутчэй за ўсё, яму давядзецца даседжваць другую палову тэрміну — яшчэ 7 сутак.