У Гродзенскім драмтэатры працягваецца зачыстка ад іншадумства

Адміністрацыя Гродзенскага драматычнага тэатра пастанавіла перагарнуць старонку і пачаць сваю гісторыю з чыстага аркуша: звальняюцца апошнія супрацоўнікі, якія мелі сваю пазіцыю і прысвяцілі тэатру шмат гадоў прафесійнага жыцця. У канцы лютага стала вядома, што не працягнуць кантракт з балетмайстрам тэатра Вікторыяй Бальцэр. 31 сакавіка стане для яе апошнім працоўным днём, распавядае «Белсат».

vik_1_20.jpg

«25 гадоў таму мы знайшлі свой дом — у драматычным тэатры»

Вікторыя Бальцэр — салістка танцавальнага тэатра «Галерэя» (камерная танцавальная трупа драматычнага тэатра).

«Я і трое маіх калег прыйшлі ў драматычны тэатр 2 лютага 1996 года. На той момант у нас ужо склалася свая маленькая танцавальная трупа, якая аб’яднала аднадумцаў і неардынарных людзей. Была свая праграма, нумары, якія мы паказвалі ў галерэі "У майстра". Саспела неабходнасць знайсці сабе дом, і гэтым домам стаў драматычны тэатр», — распавядае спадарыня Вікторыя.

Так нарадзіўся танцтэатр «Галерэя». Артысты рабілі спектаклі ў стылі мадэрн і кантэмпарары, ладзілі творчыя вечары. Разам з гэтым ставілі танцавальныя сцэны ў спектаклях драматычнага тэатра, а ў некаторых спектаклях і самі ўзаемадзейнічалі з акторамі. Таксама танцавальны тэатр працаваў з музычным цэхам тэатра, якім кіруе Анатоль Кандыба. Разам яны ладзілі выязныя джазавыя канцэрты, музычныя вечары.

Кіраваў танцтэатрам Аляксандр Цебянькоў. Ён арганізоўваў танцавальныя вечары з артыстамі з Беларусі і замежжа. У гродзенскім тэатры пабывалі шмат цікавых груп танцораў, самі гродзенцы таксама шмат гастралявалі. Напрыклад, бралі ўдзел у розных міжнародных фестывалях і праектах у Беларусі, Расіі, Літве, Эстоніі, Польшчы, Швецыі, Манака, ЗША.

«Калі мы пачыналі, стыль кантэмпарары быў чымсьці вельмі новым. Да драматычнага тэатра я з Аляксандрам Цебяньковым працавала ў ансамблі "Белыя росы", і з народнага танца мы зрабілі сапраўдны прарыў у інтэлектуальны і пачуццёвы стыль кантэмпарары. Нам пра такое не расказвалі ў вышэйшых навучальных установах. Мы дастаткова шмат ведаем у сваёй прафесіі, і нам хацелася чагосьці цікавага, арыгінальнага. Мы прагнулі развівацца. Мне падабаецца, калі сродкамі танца ты думаеш, а не проста рухаешся. Я раптам адкрыла для сябе танец як інструмент, дзякуючы якому можна неверагодна цікава і творча вырашаць філасофскія, псіхалагічныя, чалавечыя пытанні», — кажа Вікторыя Бальцэр.

vik_1.jpg

«Стаўленне да актора як да нявольніка»

Гастрольная дзейнасць танцтэатра выглядае нават больш саліднай за гастролі асноўнай трупы драмтэатра. Але з часам адміністрацыя пачала абмяжоўваць такую бурлівую актыўнасць. Паводле спадарыні Вікторыі, з’явіліся патрабаванні ўвесь час быць на працоўным месцы ў тэатры, «ад званка да званка», артыстам даводзілася ездзіць на гастролі за свой кошт і браць для гэтага адгулы, і гэта моцна адбівалася на заробках.

«Раней у нас быў усімі любімы дырэктар Рыгор Маркавец. Ён таксама быў чыноўнікам, але мы знайшлі агульную мову, ён разумеў нашы патрэбы ды ішоў насустрач. Мы ставілі шмат спектакляў — вельмі відовішчных і цікавых, з характарамі ды ідэяй. Драматычны тэатр ніяк не пакутаваў ад паралельнай дзейнасці танцтэатра», — адзначае Вікторыя Бальцэр.

З 2012 года Гродзенскім драматычным тэатрам кіруе палкоўнік у адстаўцы Ігар Гедзіч. Ён нарадзіўся і вырас у Гродне, скончыў Мінскае вышэйшае вайсковае інжынернае вучылішча, Вайсковую акадэмію РБ, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. У войску праслужыў 23 гады. Апошнімі гадамі, як часта ў гутарках з журналістамі адзначаюць акторы, пачалося ператварэнне драмтэатра ў казарму.

Асабліва гэтая тэндэнцыя ўзмацнілася пасля выбараў мінулага года. Акторы тэатра не маглі прамаўчаць і выступілі з адкрытым зваротам супраць гвалту сілавікоў ды прававога бязмежжа ў краіне.

vik_1_18.jpg

«Мы ўсе варыліся ў той сітуацыі. Неабыякавасць, якую праявілі акторы, — гэта цалкам здаровая рэакцыя на гвалт. Яны як людзі творчыя адрэагавалі эмацыйна, іх зашкальвала. І гэта зразумела. У такой сітуацыі кіраўніцтва мусіла адрэагаваць больш стрымана і разумна. Але гэтае супрацьстаянне сталася прынцыповым. Акторы прапаноўвалі розныя варыянты кампрамісу, але адміністрацыя ні з чым не пагадзілася. Гэта стаўленне да актора як да нявольніка. Нельга так катэгарычна дыктаваць сваю волю, гэта несучасна. Трэба ўмець пераадольваць канфлікты, і гэта заданне адміністрацыі», — перакананая спадарыня Вікторыя.

«Тэатр — гэта не вайсковая частка»

У канцы верасня 2020 года з Гродзенскага драмтэатра звольнілі вядучага актора сцэны Ігара Уланава. Напярэдадні менавіта ён прыпыніў спектакль праз тое, што на акцыі пратэсту ў Гродне 20 верасня затрымалі заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку і яго жонку, актрысу Валянціну Харытонаву. Пазней звольнілі «па пагадненні бакоў» актрысу Лізавету Мілінцэвіч.

27 кастрычніка галоўны рэжысёр Генадзь Мушперт і рэжысёр-пастаноўшчык, заслужаны артыст РБ Сяргей Курыленка далучыліся да страйку. Іх звольнілі.

На знак салідарнасці да страйку далучыліся іншыя акторы тэатра, якія заявілі, што падзяляюць грамадзянскую пазіцыю звольненых рэжысёраў. Паступова амаль усіх іх таксама звольнілі.

«Мы ўсе не маўчалі, мы не былі проста назіральнікамі. Хоць, вядома, трупа расслаілася: хтосьці далучыўся да забастоўкі, а хтосьці вырашыў застацца ў тэатры, каб усё ж такі ўтрымаць яго на пэўным узроўні», — згадвае Вікторыя Бальцэр.

Яна была сярод тых, хто пастанавіў застацца ў тэатры, каб уратаваць яго ад канчатковага знішчэння. Але і захоўвала адносіны са звольненымі. Артысты разам рабілі інсцэнізацыі на альтэрнатыўнай пляцоўцы — у «Цэнтры гарадскога жыцця», арганізавалі творчы рух «Асобы».

Але цяпер звольнілі і спадарыню Вікторыю: «Прамых прэтэнзій мне не выставілі. Ні вымоў, нічога. Адміністрацыя паводзіць сябе з падначаленымі так, як ёй хочацца. Я лічу, так незаконна працаваць».

Да 25-годдзя сваёй працы яна хацела арганізаваць у драмтэатры фотавыставу, каб нагадаць, якім творча насычаным быў гэты час. Аднак, калі Ігар Гедзіч пабачыў на здымках звольненых актораў, ён забараніў выставу. Было пастаноўлена перанесці яе ў іншае месца — «Цэнтр гарадскога жыцця». Падчас адкрыцця Вікторыя Бальцэр зладзіла танцавальную пастаноўку.

«Гэта такі экскурс у мінулае, па якім я вельмі сумую. І шкадую, што наша дзейнасць не атрымала свайго годнага развіцця. Ідзе зачыстка тэатра ад іншадумства, людзей, якія думаюць самастойна, а гэта вельмі каштоўна ў нашай прафесіі. Паслухмяныя людзі — гэта не артысты. Людзі мастацтва паводле натуры сваёй — асобы, якімі цяжка кіраваць, якія бачаць свет па-іншаму. І яны транслююць публіцы сваё неардынарнае бачанне свету. Кіраўніцтву гэта трэба ўлічваць і цаніць. Трэба разумець, што тэатр — гэта не вайсковая частка», — разважае спадарыня Вікторыя.

vik_1_19.jpg

Што сталася са звольненымі акторамі і тымі, хто застаецца ў тэатры

Цяпер у драмтэатры — новы рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Яскевіч. Ён працаваў у Гомельскім абласным драматычным тэатры, Мазырскім драматычным імя Мележа, Слонімскім тэатры. Цяпер рыхтуе сваю першую пастаноўку, і супрацоўнікі тэатра чакаюць, што атрымаецца ў выніку.

«Я яму не зайздрошчу: прыйсці ў такі час у разгромлены тэатр, на месца вядомага і паважанага ў нашым горадзе чалавека… Гэта не найлепшы момант у яго жыцці. Але ў нас у тэатры заўсёды было вельмі шчырае стаўленне да прафесіяналізму. Паглядзім, што атрымаецца ў выніку», — адзначае Вікторыя Бальцэр.

Цяпер у тэатры склалася сітуацыя, калі акторы, якія засталіся, граюць запар ва ўсіх спектаклях, дарослых і дзіцячых. І яны прымаюць гэта, хоць нагрузкі павялічыліся ў разы.

Дзесяць актораў, якіх звольнілі, з’ехалі ў Літву. Іх прынялі вельмі цёпла. Яны адбылі абавязковы каранцін і рыхтуюцца да ўдзелу ў міжнародных тэатральных праектах. Плануецца, што падрыхтаваныя спектаклі з удзелам гродзенцаў пакажуць гледачам у розных краінах ЕС.

«Для мяне быў драматычным момант іх сыходу з тэатра, але мы камунікавалі, сустракаліся, рабілі праекты і спрабавалі ўтрымацца, чакаючы змен у сітуацыі з тэатрам і краінай. Але яны былі вельмі заціснутыя ўладамі, яны не мелі магчымасці знайсці сабе працу тут, знайсці сродкі для існавання. Таму яны з’ехалі. А добрых актораў паўсюль прымуць з радасцю», — каментуе спадарыня Вікторыя.

vik_1_28.jpg

Сама яна не разглядае варыянт з’ехаць у Літву ці кудысьці яшчэ. Разам з тым, адзначае, што акторам і пайсці асабліва няма куды: у Гродне няма іншага тэатра. Творчым людзям вельмі цяжка змірыцца са стратай прафесіі, звольненыя акторы — напрыклад, Васіль Мініч, Ігар Уланаў — вельмі балюча перажываюць адрыванне ад тэатра.

«Гэта бязлітаснае стаўленне да актораў. Мы, вядома, можам пайсці працаваць на хлебазавод. Але што будзе з мастацтвам горада? Яно цяпер проста галее. Для мяне самае балючае тое, што вынішчаецца ўзровень прафесіяналізму тэатра. Мяне палітычныя рэчы кранаюць як грамадзянку, якая жыве ў гэтай краіне, яны не могуць мяне не датычыць. Але я найперш чалавек тэатра, найвышэйшае ў жыцці для мяне — гэта мастацтва. Цяпер я губляю гэта і не магу сказаць, што са мною будзе пасля», — падсумавала Вікторыя Бальцэр.

У Гродне засталіся некалькі актораў драмтэатра, якія летась далучыліся да страйку і былі звольненыя за сваю пазіцыю. Цяпер яны рыхтуюць да паказу п’есу пра фашызм «Кадзіш». Творчая сустрэча з гледачамі адбудзецца ў суботу, 20 сакавіка, у «Цэнтры гарадскога жыцця».