У Гродне забаранілі спектакль, дзе асуджаецца фашызм. Акторам пагражаюць крымінальнымі справамі

Запланаваныя на суботу на сустрэча з акторамі і паказ пастаноўкі «Кадзіш» не адбудуцца, паведамляе гродзенскі «Цэнтр гарадскога жыцця».

161982808_3589281167849018_4079843930286219127_o.jpg

Актораў Ігара Уланава, Аляксея Станогу, Паліну Левіну, Аксану Машынкову выклікалі ў пракуратуру горада і папярэдзілі, што ў выпадку, калі спектакль убачаць гледачы, пракуратура не выключае ўзбуджэння супраць актораў крымінальнай справы па арт. 130 Крымінальнага кодэкса РБ «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы».
Кадзіш — гэта яўрэйская памінальная малітва.
У вольным пераказе прэтэнзіі лукашэнкаўскіх пракурораў гучалі так:
1. У спектаклі «Кадзіш» асуджаецца фашызм. А менавіта з фашыстамі частка беларускага грамадства асацыюе сённяшнюю ўладу. Такія параўнанні непажаданыя ў сённяшніх палітычных умовах, нельга прадказаць эмоцыі і рэакцыю гледачоў.
2. У спектаклі «Кадзіш» гаворыцца пра канцлагеры. А менавіта з канцлагерамі частка беларускага грамадства асацыюе сённяшнюю ўладу. Такія параўнанні непажаданыя ў сённяшніх палітычных умовах, нельга прадказаць эмоцыі і рэакцыю гледачоў.
3. У спектаклі «Кадзіш» гаворыцца пра трагічны лёс яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны. А гэта цягне на артыкул 130 Крымінальнага кодэкса РБ — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы.
Занавес! Як кажуць, у нашай палітычнай сітуацыі нясыграны спектакль гучыць мацней, чымся поўная зала гледачоў.