У гэтую хвалю COVID-19 у лякарні трапляюць нават нованароджаныя. І ім патрэбна ШВЛ
Дзве апошнія хвалі COVID-19 медыкі Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы называюць самымі цяжкімі. У першую хвалю дзеці хварэлі лёгка, назіраліся толькі рэспіраторныя сімптомы. У другую хвалю да іх дадалася кішэчная інфекцыя. Пры гэтым хворых дзяцей было няшмат.

Аднак «гэтай восенню ўпершыню з пачатку пандэміі да
нас сталі паступаць нованароджаныя, якія маюць патрэбу ў ШВЛ, а таксама дзеці з
мультысістэмным запаленчым сіндромам», кажа намесніца галоўнага ўрача па
медыцынскай частцы клінікі Ларыса Васільчанка. Яе словы прыводзіць «Еўрарадыё» са спасылкай на sb.by.
Медыка радуе толькі адно: «За ўвесь час мы не страцілі аніводнага маленькага пацыента, думаю, у дзяцей ёсць нейкі адмысловы рэзерв». З пачатку года ўрачы абласной дзіцячай клінікі пралячылі ўжо 860 маленькіх пацыентаў з COVID-19.
У рэанімацыйным аддзяленні клінікі занятыя ўсе койкі. Паводле слоў загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Аляксандра Клачко, «дзеткі пераносяць інфекцыю вельмі цяжка, у некаторых паражэнне лёгкіх
даходзіць да 75 працэнтаў».
Між тым, Міністэрства аховы здароўя працягвае рапартаваць, што «кавід адступае», і распавядае, якія клінікі вяртаюцца да планавай працы. Вярнуцца да аказання планавай дапамогі каля месяца таму ад медыцынскіх чыноўнікаў запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.