У Гомелі былому міліцыянту прысудзілі тры месяцы арышту за «зліў» даных сваіх калег
У судзе Савецкага раёна Гомеля 22 лістапада да трох месяцаў арышту паводле артыкула 203-1 Крымінальнага кодэкса («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных») асудзілі 30-гадовага былога міліцыянта Уладзіміра Кашко, піша «Вясна».
Яго абвінавацілі ў «зліве» адміністратару Telegram-канала, які сёлета ўлады прызналі экстрэмісцкім, персанальных даных 27 супрацоўнікаў міліцыі Гомельшчыны. Суддзя Андрэй Лагуновіч таксама пастанавіў спагнаць з гамельчука кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым 13 600 рублёў.
Уладзіміра Кашко абвінавацілі паводле ч.1 і 2 арт.
203-1 Крымінальнага кодэкса — «Наўмысныя незаконныя збор, прадастаўленне і
распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці і (ці) персанальных даных іншай асобы
без яе згоды, якія пацягнулі за сабой нанясенне істотнай шкоды правам, свабодам і
законным інтарэсам грамадзяніна». Гэта новы артыкул у Крымінальным кодэксе — ён
з'явіўся ў крымінальным заканадаўстве толькі 26 траўня 2021 года. Адразу пасля
ўнясення дадаткаў у Крымінальны кодэкс паводле гэтага артыкула і распачалі
крымінальную справу супраць гамельчука.
Паводле версіі абвінавачвання, мужчына «са жніўня 2020-га па
студзень 2021 года сабраў з розных крыніц звесткі пра прыватнае жыццё 27
праваахоўнікаў Гомельскай вобласці і пераслаў іх нявызначанаму колу асоб, што
адмініструюць дэструктыўны Telegram-канал». Вялікая частка перададзенай ім
інфармацыі была размешчаная ў стужцы Telegram-канала, які сёлета прызнаны
экстрэмісцкім.
Паведамляецца, што абвінавачаны адпраўляў здымак
супрацоўніка, пазначаў ягонае прозвішча, імя, імя па бацьку, месца працы,
нумары тэлефонаў і спасылкі на старонкі ў сацыяльных сетках. Часам паведамляў
дату нараджэння, дадзеныя пра асабісты транспарт і блізкіх сваякоў.
Пасля публікацый праваахоўнікам паступіла мноства
тэлефанаванняў і паведамленняў, у тым ліку з абразамі і пагрозамі.
Паводле паказанняў абвінавачванага падчас следства, «у
перыяд перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі ён зацікавіўся палітычнымі навінамі
і падпісаўся на некалькі Telegram-каналаў, якія на цяперашні момант прызнаныя
экстрэмісцкімі. Пад уздзеяннем размешчанага там кантэнту ў яго сфармавалася
нянавісць да супрацоўнікаў міліцыі, якая вылілася ў супрацьпраўную
дзейнасць».
Уладзімір Кашко раней працаваў тры месяцы міліцыятам у Дэпартаменце
аховы. Праз некалькі гадоў ізноў вярнуўся на пасаду супрацоўніка
патрульна-паставой службы, але праз чатыры гады яго звольнілі. З канца 2019
года ён не працаваў.
Як паведамілі ва УУС Гомельскага аблвыканкама, мужчына
перапісваўся з адміністратарамі канала — абмяркоўваў з імі публікацыю звестак і
магчымасць уцёкаў з краіны. Агулам ён зліў асабістыя дадзеныя больш як 20
калегаў, перапіску выдаляў, аднак у следства атрымалася яе аднавіць.
У выніку суддзя Андрэй Лагуновіч прызнаў Кашко вінаватым паводле ч.1 і 2 арт. 203-1 КК і прысудзіў яго да трох месяцаў арышту. Таксама суд пастанавіў спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым у памеры 13 600 рублёў.