У Гомелі на адзіночны «пікет» снегавіка выехала два бусы АМАПа
Гамельчукі, як і на мінулых выходных, на масавую акцыю не сабраліся, але затрыманыя ёсць.

У Гомелі на Савецкай поўна супрацоўнікаў АМАПа і міліцыі. Па цэнтру горада шпацыруюць людзі сем'ямі ці невялікімі групамі, ні ў каго не заўважаная сімволіка. Тым не менш, як мінімум траіх чалавек затрымалі, паведамляюць «Моцныя навіны».
На каскадзе азёр у раёне вуліцы Пятруся Броўкі прайшоў адзіночны «пікет» снегавіка з БЧБ-сцягам. Як паведаміў тэлеграм-канал «Флагшток», на месца выехалі на два буса АМАПа. Затрымалі мясцовую жыхарку. Па паведамленнях мясцовых жыхароў, жанчына проста праходзіла міма.

На Савецкай маладыя хлопцы сталі ў ланцуг салідарнасці. А яшчэ нехта развесіў на некалькіх слупах у раёне «Рэмбыттэхнікі» вялікія БЧБ-сцягі — камунальнікі аператыўна выехалі разбірацца і здымаць сімволіку.

Тым часам на «Шведскай горцы», пакуль уся міліцыя ў цэнтры горада, гамельчукі сабраліся на акцыю салідарнасці. У мікрараёна нават ёсць імянны БЧБ-сцяг.