У Гомелі затрымалі прарасійскага хакера — грамадзяніна Беларусі
Магчыма, у Гомелі затрымалі заснавальніка хакерскай групоўкі «Ананімус Расія» і чальца прарасійскай хакерскай групоўкі Killnet Арсенія «Raty» Елісеева.
Прынамсі, паведамленні пра арышт з’явіліся паведамленні кіраўнік групоўкі Killnet — асобы з нікнэймам Killmilk, паведамляе R*form.
Killmilk заявіў, што з-за арышту мусіць прыняць складанае рашэнне пра дэанон затрыманага. Ім, нібыта, аказаўся грамадзянін Беларусі Арсеній Елісееў. У якасці пацверджання ў сваім канале кіраўнік Killnet апублікаваў фота пашпарта Елісеева. Праўда, не вельмі зразумела, ці сапраўдны гэты фатаздымак.
У партнёрскіх хакерскіх групах былі размешчаныя паведамленні пра падтрымку затрыманага хакера, а таксама вылучаны ультыматум беларускім уладам.
Так, нібыта, Беларуская пракрамлёўская хакерская група Infinity Hackers BY абяцае атакаваць беларускія дзяржаўныя сайты, калі затрыманага не выпусцяць на працягу 10 гадзін. Пры гэтым у паведамленні Беларусь названая «Белорусия». «Калі цягам 10 гадзін лідар ANONYMOUS RUSSIA не будзе вызвалены, усе магутнасці будуць задзейнічаныя ў атацы дзяржаўных сайтаў Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні.
Killnet таксама спачатку стала пагражаць беларускім сілавікам і заявіла, што калі да раніцы хакера не адпусцяць, то група будзе атакаваць дзяржаўную інфраструктуру Беларусі.
Тэрмін пагроз мінаў сёння каля сямі гадзін раніцы. Праўда, потым пагрозы выдалілі, адзначае «Н*ша Н*ва».
***
Killnet — гэта пракрамлёўская хакерская група, якая брала на сябе адказнасць за шматлікія напады на дзяржаўныя структуры ЗША і ЕС. Група актывізавалася летась.