У гомельскай жаночай калоніі працягваюць ціснуць на Паліну Шарэнда-Панасюк

Адміністрацыя калоніі прыдумляе ўсё новыя метады ціску на актывістку Паліну Шарэнда-Панасюк, якая не прызнае гэтую ўладу і лічыць сябе захопленай у палон.

Паліна Шарэнда-Панасюк (у цэнтры) на мітынгу ў падтрымку кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Бярозе. 2 жніўня 2020. Фота: 1reg.by

Паліна Шарэнда-Панасюк (у цэнтры) на мітынгу ў падтрымку кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Бярозе. 2 жніўня 2020. Фота: 1reg.by


З ліста, які атрымала маці Паліны, стала вядома, што адміністрацыя калоніі пазбавіла яе харчовых перадач на 3 месяцы. Такім чынам, Паліна не зможа атрымаць дазволеную прадуктовую пасылку амаль да Новага году.
Таксама стала вядома, што адміністрацыя калоніі абмежавала для Паліны закупы ў турэмнай краме ў тры разы: замест дазволеных 174 рублёў ёй можна закупіць прадукты і рэчы толькі на 58 рублёў. Зразумела, што за гэтую суму нельга набыць нават мінімум ад неабходнага. «Адказным за ўсе гэтыя дзеянні з’яўляецца начальнік гомельскай ПК-4 Дзяніс Таўсцянкоў», — заяўляе муж жанчыны Андрэй Шарэнда.
Паліна ў лісце сваякам пракаментавала гэта так: «Ну нічога, пахудзела». Таксама палітвязняволеная піша, што не збіраецца здавацца.
За кратамі Паліна знаходзіцца ўжо 315 дзён. Суд Маскоўскага раёна Брэста 9 чэрвеня прызначыў 2 гады калоніі Паліне Шарэнда-Панасюк. Яе прызналі вінаватай адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Абраза прэзідэнта» (арт. 368), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364).